Амбасада Ірана: Беларускі самалёт прымусілі да пасадкі з-за адсутнасці дазволу на пералёт
2- 27.10.2008, 11:25
Беларускі ваенна-транспартны самалёт Іл-76, які рухаўся ў Катар, быў прымушаны да пасадкі іранскімі ВПС у сувязі з адміністрацыйнай няўзгодненасцю паміж супрацоўнікамі беларускай амбасады ў Тэгеране і МЗС Ірана.
"Увечары 21 кастрычніка два беларускіх самалёты былі намераныя перасекчы паветраны калідор Ірана. Першы самалёт здзейсніў палёт без праблем, паколькі быў атрыманы дазвол на дадзены рэйс, але ў сувязі з адміністрацыйнай няўзгодненасцю паміж супрацоўнікамі амбасады Беларусі ў Тэгеране і супрацоўнікамі МЗС Ірана, адказнымі за выдачу дазволаў, не быў выдадзены дазвол на пералёт другога самалёта", - распавялі "Інтэрфаксу" ў амбасадзе.
Як растлумачылі ў амбасадзе, менавіта па гэтай прычыне ВПС Ірана распачалі меры па прымусовай пасадцы другога самалёта.
"Пасля таго, як іранскі бок усталяваў прыналежнасць самалёта быў выдадзены дазвол на працяг палёта. Іранскі бок выказаў сваё шкадаванне з нагоды інцыдэнту, які адбыўся", адзначылі суразмоўцы.
Як раней паведамляла агенцтва са спасылкай на прэс-службы МЗС і Мінабароны Беларусі, да пасадкі прымушаны быў беларускі ваенна-транспартны самалёт, у якім знаходзіліся вайскоўцы, якія павінны былі прыняць удзел у якасці назіральнікаў у міжнародных вучэннях "Раз'юшаны сокал".
Другі самалёт Іл-76, які таксама належыць ваенна-транспартнай авіяцыі Беларусі, і які без праблем перасёк паветраную прастору Ірана, таксама ляцеў у Катар. У гэтым самалёце знаходзіліся супрацоўнікі Дзяржпамежкамітэта Беларусі і спецтэхніка беларускай вытворчасці, прызначаная для радыяцыйнай і хімічнай выведкі. Супрацоўнікі Дзяржпамежкамітэта і спецтэхніка таксама прынялі ўдзел у вучэннях "Раз'юшаны сокал".