Сяргей Папкоў пра «Дзяды-88»: «Гэта ўмацавала маё разуменьне неабходнасьці пераменаў і барацьбы з рэжымам»
- 28.10.2008, 11:09
«Для мяне ўжо зразумела было яшчэ ў тыя часы, што Савецкі Саюз распадаецца, што трэба дзейнічаць, шукаць кантактаў», - угадвае акцыю Дзяды 1988 года намесьнік кіраўніка Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Папкоў.
“Я жыў тады на вуліцы Каліноўскага, за два дамы ад рагу з праспэктам. Я памятаю, што папярэдне ня ведаў, што будзе такая акцыя. А вось калі выйшаў, то пабачыў людзей і пайшоў туды. Там была велізарная колькасьць міліцыі, каля ўваходу на могілкі Ўсходнія. Прайсьці туды ўжо было немагчыма: стаялі вадамёты, міліцыянты ў касках, з дубінкамі, усё было перакрыта. Я быў там увесь час, пакуль былі людзі”, - распавядае Сяргей Папкоў у інтэрв’ю “Радыё Свабода”.
“Для мяне ўжо зразумела было яшчэ ў тыя часы, што Савецкі Саюз распадаецца, што трэба дзейнічаць, шукаў кантактаў. І канечне, вось гэтыя падзеі, скажам так, не далі штуршок, але ўмацавалі маё разуменьне ў неабходнасьці пераменаў і барацьбы з савецкім рэжымам”, - зазаначае ён.
З тае пары Сяргей Папкоў ўвесь час імкнуўся наладзіць кантакты з Народным Фронтам, але гэтыя актыўныя кантакты былі наладжаныя, калі ён стаў дэпутатам Вярхоўнага савету.
“Адразу, зь першых дзён я быў у фракцыі Беларускага Народнага Фронту. Ну, і лічу, што той пачатак даў многім людзям разуменьне, што такое рэжым, што трэба змагацца з гэтым рэжымам, што патрэбная незалежная Беларусь. І, канечне, адным з галоўных чыньнікаў, што дало штуршок у гэтых намаганьнях – той паход на Курапаты. І акрамя таго, запачаткавалася традыцыя Дзядоў”, - падсумаваў Сяргей Папкоў.
Нагадаем, 30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў Дзяды.