Учора – калгасьнік, заўтра – пракурор?
13- 3.10.2008, 13:55
“Палата прадстаўнікоў” унесла зьмены ў Закон “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь”, паводле якіх стаць супрацоўнікамі пракуратуры можна будзе без кваліфікацыйнага іспыту і не праходзячы стажыроўкі.
“Дэпутатка” Галіна Мазуркевіч пацікавілася ў міністра юстыцыі Віктара Галаванава, што гэта за асобныя выпадкі. Міністар патлумачыў – “пэўныя асобы, якія маюць пэўныя заслугі перад дзяржавай, могуць быць прызначаныя на больш высокія пасады ў сыстэме пракуратуры без здачы кваліфікацыйнага іспыту”, паведамляе “Радыё Свабода”.
Міністар таксама прызнаў, што зьмены ў законе не забараняюць стаць супрацоўнікам пракуратуры асобам, якія ня маюць юрыдычнай адукацыі. “Дэпутатка” Мазуркевіч прапанавала гэты адказ так: “Паважаныя калегі, адкрываюцца новыя вакансіі!”
Учора “дэпутату” прапаноўвалі ачоліць... сельсавет
Нагадаем, яшчэ ўчора больш за 70 “дэпутатаў” дзейнага складу “палаты прадстаўнікоў” баяліся празь месяц застацца бяз працы.
Няўпэўненасьць у сваёй прышласьці прыводзіла іх да апатыі. Журналісты заўважылі: дзейныя “дэпутаты”, падобна, больш хвалююцца за сваю будучыню, чым за дзяржаўныя справы. Пра гэта сьведчыць такі факт: 2 кастрычніка, калі абмяркоўвалі пераход на новую сыстэму падаходнага падатку, ніхто з “дэпутатаў” не задаў ніводнага пытаньня міністру фінансаў Андрэю Харкаўцу. І журналісты жартавалі: “Ім не да гэтага, гэта ж “дэмбельскі парлямэнт”.
У кулюарах дзейныя “дэпутаты” абураліся. Можна было пачуць: “Нам робяць зьневажальныя прапановы”. Згадвалі, што “дэпутатцы”-пэдагогу прапанавалі месца ў эканамічным дэпартамэнце міністэрства, а “дэпутату”-аграрыю прапанавалі ачоліць... сельсавет.
Аднак на ўсіх такіх высокіх пасадаў не хапае. І таму, як кажа былы “дэпутат” Вярхоўнага савету Беларусі 12 скліканьня, а затым міністар працы і сацыяльнай абароны Аляксандар Сасноў, на добрыя пасады могуць разьлічваць толькі тыя “дэпутаты”, хто падчас сваёй кадэнцыі не даваў ніякай падставы сумнявацца ў сваёй адданасьці кіраўніку дзяржавы.
“Улада заўсёды сваіх прыхільнікаў не кідала. Для іх заўжды ўсё рабілася. А тых, хто не падабаўся, іх проста выкідалі”, - пацьвердзіў Аляксандар Сасноў.
“Што тычыцца нашай улады, дык ёй, на мой погляд, глыбока абыякавыя ўсе гэтыя “дэпутаты”, за выключэньнем некалькіх чалавек, якія ўваходзяць у найбліжэйшае атачэньне. І таму ім зробяць усё, што патрэбна, а астатніх выкінуць на вуліцу. “Дэпутаты” гэта цудоўна разумеюць і таму рабілі ўсё, каб патрапіць у найбліжэйшае атачэньне”, - сказаў Аляксандар Сасноў.