23 красавiка 2024, aўторак, 9:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

20 год самай масавай беларускай антыкамуністычнай акцыі «Дзяды» (Фота)

30 кастрычніка 1988 года тысячы менчукоў пад кіраўніцтвам Беларускага Народнага Фронта прыйшлі ва ўрочышча Курапаты, дзе ў гады сталінізму былі расстраляныя дзясяткі тысяч чалавек.

Супраць грамадзян, якія мірна ішлі і і збіраліся адзначыць ва ўрочышчы Дзень памяці продкаў «Дзяды», улады БССР накіравалі міліцыю і ўнутраныя войскі. Для разгона дэманстрацыі быў выкарыстаны слёзатачывы газ «Чаромха».

Удзельнікам памятнай акцыі быў кандыдат гістарычных навук Мікола Крывальцэвіч, які праводзіў разам з лідэрам БНФ Зянонам Пазняком і археолагам Алегам Іовам першыя раскопкі ў Курапатах.

Мікола Крывальцэвіч назваў акцыю 1988 года важнай палітычнай падзеяй, бо людзі рашыліся на адкрытае выказванне сваіх думак і абарону сваіх грамадзянскіх інтарэсаў.

Адкрыты пратэст, па словах гісторыка, наспяваў у першай палове 1980-х гадоў.

«Калі ў 1984 годзе я служыў у шэрагах Савецкага Войска, мы з калегамі часта абмяркоўвалі палітычныя перспектывы будучыні. Размовы вяліся, у першую чаргу, у сувязі з падзеямі ў Польшчы. Да нас даходзіла адрывістая інфармацыя аб антыкамуністычным супраціве ў гэтай краіне і аб масавых выступленнях палякаў. Усе гэтыя падзеі казалі аб надыходзячых пераменах на захадзе сацыялістычнага лагера і ўносілі напружанасць у жыццё беларускага грамадства», - распавёў у інтерв'ю БелаПАН Мікола Крывальцэвіч.

У самой Беларусі, па ягоных словах, нарастаў пратэст з-за жадання шматлікіх грамадзян абараніць свае нацыянальныя інтэрасы - родную мову, традыцыі, гісторыю і культуру.

«На ідэалах беларускага нацыянальнага адраджэння вырасла новае пакаленне грамадзян, пазбаўленых страху і валодаўшых развітым пачуццём уласнай годнасці. Аб гэтым сведчыла стварэнне мноства так званых нефармальных моладзевых аб'яднанняў. А адкрыццё трагедыі Курапат, якое актыўна абмяркоўвалася людзьмі, узмацніла антыкамуністычныя настроі ў грамадстве», - адзначыў навуковец.

Па меркаванні Міколы Крывальцэвіча, у канцы 1980-х гадоў Беларусь была лідэрам пратэстных настрояў на тэрыторыі СССР. «Падзеі дваццацігадовай даўніны кажуць аб велізарным пратэстным патэнцыяле беларускага грамадства», - лічыць гісторык.

Аб тым, як 20 год таму праходзіла масавая антыкамуністычная акцыя, распавялі на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ейныя ўдзельнікі.

Лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, які таксама з’яўляецца ўдзельнікам акцыі «Дзяды» 1988 года, лічыць, што тыя падзеі мелі значэнне не толькі для Беларусі, але і для ўсяго света.

«20 гадоў таму падчас «Дзядоў» адбыліся вядомыя падзеі, якія выклікалі розглас ва ўсім свеце, і гэта прымусіла нас асабліва адносіцца да гэтага дню. Тым больш, што «Дзяды» ў 1988 годзе сыгралі вялікую ролю ва ўстанаўленні Беларускага Народнага Фронту. Таму мы разглядаем гэтыя «Дзяды» яшчэ і ў гэтым рэчышчы», -- узгадвае лідэр партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

Народны паэт Беларусі Генадзь Бураўкін упэўнены, што мітынг у Курапатах 20 год таму паклаў пачатак беларускаму Адраджэнню.

«У 1988 годзе я быў ва Украіне, але я добра памятаю, што было пасля, бо калі я вярнуўся ў Менск, то вакол гэтай падзеі шлі вельмі бурныя спрэчкі і дэбаты і дакладна магу цяпер сказаць, што сапраўды гэта была вельмі важная ў гісторыі Беларусі падзея. Калі б не гэтая падзея, то шмат чаго ў грамадскім жыцці нашым не было і таго ўздыму, які тады ў 1990-я гады зрабіў Адраджэнне, яго б не было таксама. Я лічу, што будзе вельмі правільным, разумна нагадаць людзям, як гэта было дакладна. Тым больш, што для гэтага ёсць і людзі, і дакументальныя сведчанні. Мне здаецца, што напамін пра гэтыя падзеі вельмі важны для маральнага адчування нашага грамадства», - лічыць Генадзь Бураўкін.

Па ягоных словах, падчас падзей 1988 года ў Менску вядомыя людзі Беларусі вельмі мужна супрацьстаялі ціску савецкай улады. Напрыклад, беларускі паэт Пімен Панчанка адмовіўся падпісаць рэзалюцыю камісіі, якую пасля разгона акцыі на «Дзяды» стварыў Савмін БССР і якая пастанавіла, што ў беларускіх Курапатах не адбываліся сталінскія рэпрэсіі.

«У 1988 годзе пасля «Дзядоў» Савмінам была створаная камісія, якая заявіла што там няма сталінскіх рэпрэсій. Пімен Панчанка адмовіўся падпісаць гэтую непраўдзівую пастанову. Ён напісаў на газеце, якую прынёс туды з сабой, радкі Коласа: «Канстытуцыю далі, адчынілі дзверы, і ў астрог нас павялі і таўкуць без меры». Вось так ён ацаніў тую сітуацыю. Я памятаю таксама нашыя начныя, да крыку, размовы са старшынём Вярхоўнага Савета БССР Георгіем Станіслававічам Таразевічам, які, магчыма, і хацеў бы разабрацца ва ўсім і застацца на маральных пазіцыях, але якога зламалі сілавікі, якія ўсё абсалютна сфальсіфікавалі.

Між іншым, вось тады гэтыя фальсіфікацыі пачалі праяўляцца, калі сілавікі казалі, што нібыта супраць людзей, якія вышлі адзначыць «Дзяды», не выкарыстоўвалі газ «чаромха». І калі мы раскажам аб тым, што было, шматлікія сёння зразумеюць, што нічога новага многія нашыя чыноўнікі не адкрылі. Усё яны робяць так, як было ўжо даўно», -- заявіў Генадзь Бураўкін.

Беларускі пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў узгадвае, як беларуская інтэлігенцыя ў знак пратэста супраць разгона мірнай акцыі на «Дзяды» пісала ліст Міхаілу Гарбачову.

«Я магу расказаць пра Таразевіча, які мяне уратаваў ад высылкі ў Полацк, бо пасля выступлення на мітынгу на «Дзядах» да мяне кожны дзень пачаў прыходзіць лейтэнант міліцыі Сальнік і складаць пратакол аб пражыванні без прапіскі ў Менску, папярэдзіўшы, што гэта зламыснае ўхіленне ад прапіскі будзе мець наступствы або дэпартацыю назад у Полацк, альбо пасадку за краты. І калі ў Доме літаратараў сабраўся пісьменніцкі сход, на які прыйшоў Таразевіч угаворваць нас не пасылаць тэлеграму Гарбачову з патрабаваннем расследвання разгона мітынга, я непасрэдна да яго звярнуўся і папрасіў абараніць мяне. Таразевіч мне сказаў: «Таварыш Арлоў, паверце мне, з заўтрашняга дня да вас больш не будзе прыходзіць лейтэнант міліцыі Сальнік». Так і адбылося – больш таварыш Сальнік не прыходзіў. Таразевіч, праўда, не ведаў, што тэлеграма была пасланая Гарбачову яшчэ да гэтага сходу. Мы і не маглі яе не паслаць», -- распавёў Уладзімір Арлоў

Вядомы беларускі мастак Аляксей Марачкін распавёў, як 30 кастрычніка 1988 года яго разам з сынам і жонкай затрымлівала міліцыя.

«Дзяды» – гэта святы дзень для Беларусі. Я думаю, што «Дзяды» стаяць у шэрагу тых святаў, якія святкуюць сапраўдныя беларусы. Гэта сваеасаблівы, светлы і ў нечым сумны дзень, які будзе мацаваць наш народ. Што датычыцца ўспамінаў, то, канешне, тады быў уздым. Мне запомніўся той арышт, той хапун. Гэты быў першы хапун, які я адчуў на сябе. Самае цікавае, што схапілі мяне і майго сына Ігара. Калі мы былі ў аўтобусе сярод вайскоўцаў і міліцыянтаў, жонка мая сказала: «А я? Чаму мяне забылі?». Яна сама туды ўварвалася за кампанію. На нас складалі пратаколы, у пастарунку было шмат народу. Памятаю, як ламалі рукі мастаку Міколу Купаве... І запомнілася тое, што, калі мы былі ў гэтым аўтобусе, то вакол мяне былі вайскоўцы з Азербайджана, з Казахстана. І вось я зараз думаю: а як гісторыя распарадзілася гэтымі людзьмі, яны, відаць, таксама памятаюць, як палівалі нас «чаромхай». І іх народы пайшлі шляхам незалежнасці, і хто ведае, які лёс нападкаў тых вайскоўцаў, на якім баку барыкадаў яны былі? Хочацца верыць, што яны былі на сваім баку», -- сказаў Аляксей Марачкін.

На мітынгу. Лідэр БНФ Зянон Пазняк і вядомы пісьменнік, гісторык Уладзімір Арлоў.

Выступленне Зянона Пазняка

Вуліца Мірашнічэнкі, недалёка ад Курапат

Затрыманне ўдзельнікаў акцыі

Супраць мітынгоўцаў выставілі тысячы супрацоўнікаў міліцыі

Выступае Ўладзімір Арлоў

Фота -- "Радыё Свабода"

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках