Моладзь патрабуе ад мабільных апэратараў абслугоўваньня па-беларуску
5- 30.10.2008, 16:17
«Моладзь БНФ» разам з «Маладым Фронтам» абвесьціла аб пачатку кампаніі «Мабільная сувязь па-беларуску», мэта якой - прымусіць мабільных апэратараў пачаць абслугоўваньне абанэнтаў на беларускай мове.
Аб гэтым заявілі на прэс-канфэрэнцыі старшыня «Моладзі БНФ» Франак Вячорка і намесьнік старшыні «Маладога Фронту» Іван Шыла, пведамляе интэрнэт-старонка www.pbnf.org.
«Малады Фронт» раней спрабаваў весьці кампанію «МТС па-беларуску», якая, зрэшты, дала неблагі вынік - зьявілася беларускамоўная вэрсія сайту. Тады да кампаніі ў вялікай ступені спрычыніліся беларускія блёгеры.
Іван Шыла выказаў надзею, што кіраўніцтва кампаній мабільнай сувязі пойдзе насустрач грамадзкасьці і на гэты раз.
«Думаю, мы ня здолеем унесьці зьмены ў заканадаўства, але будзем спадзявацца, што кіраўніцтва і МТС, і іншых кампаній пачуюць нас і пойдуць насустрач», - зазначыў Іван Шыла.
Ён паведаміў, што створаны Аргкамітэт кампаніі «Мабільная сувязь па-беларуску», у склад якого апроч «Моладзі БНФ» і «Маладога Фронту» ўвайшлі і іншыя моладзевыя арганізацыі. Аргкамітэт будзе актыўна шукаць новых валянтэраў для вядзеньня кампаніі, а таксама ствараць адпаведныя суполкі ў блёгах і ў сацыяльных сетках. Плянуецца выпуск прадукцыі - значкаў і ўлётак.
«Таксама будзем зьбіраць подпісы ў пікетах каля галоўных офісаў мабільных кампаній», - паведаміў Іван Шыла.
Паводле Франака Вячоркі, кампанія мусіць ахапіць усе арганізацыі, што займаюцца мабільнай сувязьзю, а не абмяжоўвацца толькі МТС. «У Беларусі існуе не адна і ня дзьве кампаніі, якія прадастаўляюць паслугі мабільнай сувязі. Кожная зь іх мае абавязкі перад беларускай мовай. Ня ўсе кампаніі аднолькавыя ў пляне беларусізацыі. Напрыклад, МТС і «Вэлкам» маюць беларускамоўныя Інтэрнэт-старонкі, але ня маюць гукавога беларускамоўнага сэрвісу. У той жа час «Дыялёг» ня мае беларускае старонкі, але гукавы сэрвіс яго на беларускай мове», - патлумачыў Франак Вячорка.
Паводле старшыні «Моладзі БНФ», Аргкамітэтам кампаніі падрыхтаваныя лісты да кіраўнікоў «Дыялёгу» і МТС спадароў Андрэя Саборава і Ўладзімера Карповіча адпаведна, а таксама да міністра сувязі Мікалая Панцялеева.
«Кампанія накіраваная ня толькі на беларусізацыю мабільнай сувязі, але і на яе дэмакратызацыю. У адпаведнасьці з законам, які гарантуе таемнасьць прыватнага ліставаньня, мы патрабуем адмовы ад рэгістрацыі пры падключэньні да апэратара мабільнай сувязі, а таксама будзем змагацца за тое, каб абмежаваць доступ КДБ і Міністэрства ўнутраных спраў да праслухоўваньня тэлефонных размоваў», - заявіў Франак Вячорка.
Паводле Франака Вячоркі, актывісты кампаніі будуць сачыць за рэакцыяй апэратараў мабільнай сувязі.
«Калі спатрэбіцца, мы з радасьцю дапаможам. Напыклад, перакладаць. Калі ж напрацягу двух месяцаў ня будзе відаць канкрэтных зрухаў, то мы пяройдзем да больш актыўнай кампаніі», - зазначыў Франак Вячорка.