Улады забаранілі дабрачынны канцэрт «Маладога Фронту»
1- 31.10.2008, 9:47
Менгарвыканкам беспадстаўна забараніў правядзеньне 1 лістапада на плошчы Бангалёр дабрачыннага музычнага канцэрту ў межах агульнанацыянальнай кампаніі «Беларускую кнігу – дзецям!»
У адказе Менгарвыканкама адзначаецца, што ў правядзеньні мерапрыемства адмоўлена «у зьвязі з тым, што пададзеная заява не адпавядае патрабаваньням Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Канкрэтныя падставы адмовы не зазначаны, што парушае беларускае заканадаўства.
Каардынатар кампаніі «Беларускую кнігу - дзецям!» Дзяніс Карноў лічыць, што такія крокі з боку афіцыйных структураў яскрава сьведчаць пра нежаданьне ўлады ісьці насустрач, паведамляе інтэрнэт-старонка «Маладога Фронту».
«Забарона дабрачыннага музычнага канцэрта, з дапамогаю якога мы хочам хоць троху дапамагчы дзецям-сіротам, толькі таму, што яго арганізоўвае «Малады Фронт» – проста абуральна. Гэта паказчык так званых «зьмен» і «лібералізацыі» нашай краіны», - кажа ён.
Як паведаміў Дзяніс Карноў, актывісты кампаніі будуць і надалей намагацца атрымаць афіцыйны дазвол на дабрачынны канцэрт, які, магчыма, пройдзе ў іншым фармаце.