9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікаў зноў моцна «прыціснулі»

49

З новага года індывідуальным прадпрымальнікам будзе неабходна мець поўны камплект дакументаў на ўвезены тавар і плаціць на яго падатак у 18%.

1 студзеня скончваецца дзеянне пункту ўказа Аляксандра Лукашэнкі № 285 ад 18 чэрвеня 2005 года «Аб некаторых мерах па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці», які прадугледжвае выплату прадпрымальнікамі ПДК пры ўвозе тавараў з Расеі ў цвёрдых сумах.

Для такіх прадпрымальнікаў прадугледжаная яшчэ адна ільгота — цяпер ім няма неабходнасці мець дакументы на свой тавар. З 1 студзеня яна таксама ліквідуецца.

Эканаміст Сяргей Балыкін заявіў у інтэрв'ю БелаПАН, што рэкамендуе індывідуальным прадпрымальнікам, якія гандлююць на рынках расейскім таварам, распрадаць яго да канца года.

«Калі ва ўказ у чарговы раз не будуць занесеныя змены, то прадпрымальнікам з 1 студзеня неабходна будзе мець поўны камплект дакументаў на ўвезены тавар. Аднак у пераходны перыяд з'явіцца праблема, што рабіць з таварам, набытым да канца 2008 года, але не прададзеным. Дакладнага адказу на гэтае пытанне ніхто з прадстаўнікоў улады пакуль не даў», — адзначыў Сяргей Балыкін.

Па ягоных словах, з фармальнага пункту гледжання з 1 студзеня 2009 года такі тавар падлягае абкладанню ПДК па стаўцы 18%. «Але якім чынам выплаціць гэты падатак, цалкам незразумела, таму што для выплаты ПДК неабходныя дакументы, а іх да 1 студзеня не можа быць па азначэнні», — канстатаваў эксперт.

«У прадпрымальнікаў ёсць два варыянты дзеянняў у гэтай сітуацыі: альбо знішчыць гэты тавар пад мытным кантролем, альбо перадаць у прыбытак дзяржавы. А за знішчэнне пад мытным кантролем прыйдзецца яшчэ і заплаціць. У мяне парада толькі адна: цалкам распрадацца да 1 студзеня», — заявіў Сяргей Балыкін.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках