Вольга Мянцюк прысуджаная да двух гадоў умоўна
29- 31.10.2008, 15:27
Суд Менскага раёна прысудзіў Вольгу Мянцюк да 2 гадоў умоўна і пастанавіў спагнаць з яе 28 738 000 беларускіх рублёў.
Суддзя, які старшыняваў на працэсе, Сяргей Афонскі абвесціў прысуд, у адпаведнасці з якім Вольга Мянцюк за допуск да кіравання транспартным сродкам асобы ў нецвярозым стане прысуджаная да 2 гадоў умоўна.
Суд таксама пастанавіў спагнаць з В.Мянцюк суму пазову, заяўленага МУС Беларусі за яе вышук у памеры каля Br27,7 млн., пазоў Міністэрства аховы здароўя Беларусі за лячэнне пацярпелых - каля Br990, а таксама дзяржпошліну ў памеры Br48 тыс. Акрамя гэтага, суд пастанавіў, што гэтую суму яна павінна сплаціць на працягу месяца, у выпадку нявыплаты будзе накладзены арышт на яе маёмасць.
Суд пакінуў ужытую раней да В.Мянцюк меру спынення - падпіску аб невыяздзе.
Дзяржабвінаваўца Аляксандр Нікулін прасіў сёння для яе адзін год абмежавання волі.
«Суд прызначыў больш суровае пакаранне В.Мянцюк, чым я прасіў», - так дзяржабвінаваўца пракаментаваў журналістам рашэнне суду.
Нагадаем, 30 кастрычніка ў памяшканні суду Менскага раёна і Заслаўя пачала разглядацца справа Вольгі Мянцюк, якой прад'яўлялася абвінавачванне па арт. 318 (допуск да кіравання транспартным сродкам асобы, якая загадзя не мела права кіравання транспартным сродкам ці загадзя знаходзілася ў стане алкагольнага ап'янення) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
2 сакавіка 2008 года, кіруючы аўтамабілем "Фольксваген-Гольф" на хуткасці прыкладна 160 км/ч у стане алкагольнага ап'янення, Раман Мянцюк стаў віноўнікам ДТЗ на 8-м кіламетры трасы Менск — Мікашэвічы. Каб затрымаць парушальніка, супрацоўнікі ДАІ спынілі некалькі аўтамабіляў, у якіх знаходзіліся грамадзяне, якія аб чым не здагдаваліся, і перагарадзілі імі трасу. Пры гэтым кіроўцы і пасажыры заставаліся ў машынах. Пяць чалавек, уключаючы нявесту Мянцюка Вольгу, атрымалі розныя траўмы.
17 сакавіка пракуратура Менскай вобласці ўзбудзіла ў дачыненні да Рамана Мянцюка справу па ч. 1 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага пашкоджання).
Р.Мянцюк раней тройчы адбываў пакаранне за розныя злачынствы - ён быў асуджаны за крадзеж, за выкраданне аўтатранспарту і хуліганства. У агульнай суме 28-гадовы чалавек правёў у месцах пазбаўлення волі 10 гадоў і 3 месяцы.
Рамана Мянцюка, які лічыцца віноўнікам ДТЗ на трасе Менск-Мікашэвічы, прысудзілі да 5 гадоў калоніі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму.
Двое супрацоўнікаў ДАІ, якія выставілі "жывы шчыт", звольненыя са службы і прысуджаныя да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.