Міністр эканомікі не зможа выканаць уласны план інфляцыі
1- 7.10.2008, 13:22
Міністр эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка агучыў журналістам прагноз інфляцыі на верасень, але затым прызнаў, што «у зададзеныя параметры мы не ўпішамся».
«Мы мяркуем, што інфляцыя складзе 1–1,2%. Аднак канчатковыя дадзеныя будуць вядомыя праз 3 дні», – сказаў міністр учора падчас сустрэчы з журналістамі.
Крыху ў тупік міністра паставіла пытанне аб прагнозе не на мінулае, а на будучыню, гэта значыць аб узроўні інфляцыі па выніках года. Мікалай Зайчанка спачатку прызнаў, што «мы не ўпішамся ў зададзеныя параметры», а потым, як быццам апраўдваючыся, заўважыў, што «прагнозы – справа няўдзячная».
«Паглядзіце, якое сонца, а хто б мог з раніцы дапусціць, што будзе такое надвор'е», – сказаў Мікалай Зайчанка.
Вось зараз метэаролагі, якіх заўсёды лаюць, пачнуць абурацца. Як так, эканамісты могуць рабіць прагнозы аб тым, што ўжо адбылося, а метэаролагі - не? Напэўна і апошнія таксама захочуць рабіць прагноз надвор'я на ўчора, робіць выснову «Ежедневник».