Паўднёвая Асеція ўжо падрыхтавала дакументы для ўваходжання ў «саюзную дзяржаву»
8- 9.10.2008, 9:03
Пытанне аб уваходжанні Паўднёвай Асеціі ў «саюзную дзяржаву» Расеі і Беларусі практычна вырашанае, заявіў «Інтэрфаксу» віцэ-спікер парламента Паўднёвай Асеціі Юрый Дзіцойты.
"16-17 кастрычніка ў Беларусі адбудзецца сход «саюзнага» парламента, на якім Паўднёвая Асеція будзе прысутнічаць у якасці госця. Мы павязем з сабой зварот, у якім просім нас прыняць як пастаянных сябраў, застаецца толькі выканаць усе этапы гэтага працэсу", - сказаў Ю.Дзіцойты.
Ён падкрэсліў, што парламент Паўднёвай Асеціі ўжо падрыхтаваў неабходныя дакументы. Разам з тым віцэ-спікер адзначыў, што рэспубліка не зможа ўвайсці ў «саюзную дзяржаву» ў выпадку непрызнання хаця бы адным з яе сябраў. "У Беларусі ўжо прайшлі «парламенцкія выбары», цяпер там праходзяць арганізацыйныя мерапрыемствы. Як толькі гэта скончыцца і яны правядуць першую працоўную сесію, нас абяцаюць прызнаць, і тады мы зможам прэтэндаваць на ролю сталага сябра «саюзнай дзяржавы»", - адзначыў Дзіцойты. Акрамя таго, ён падкрэсліў, што падтрымка Беларусі вельмі шмат значыць для Паўднёвай Асеціі.
Як заявіў 19 верасня ў інтэрв'ю заходнім журналістам Аляксандр Лукашэнка, ён хацеў бы, каб сваё меркаванне па дадзеным пытанні выказаў новы «парламент».
«Можа, у іх будуць нейкія іншыя аргументы і факты, якіх я не ведаю. Я лічу, што нас ніхто не прыспешвае, мы спакойна можам разабрацца ў сітуацыі. Пройдзе вызначаны час, і мы, абгаварыўшы гэтае пытанне, прымем адпаведнае рашэнне», - заўважыў А.Лукашэнка.
24 верасня ў інтэрв'ю БелаПАН расейскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў заявіў, што Расея зацікаўленая ў прызнанні Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Па словах дыпламата, Расея разумее, што «працэс не павінен моцна нагнятацца і паскарацца».
«Мы лічым, што Беларусь павінная разабрацца ў сваіх цяпер існуючых адносінах з гэтымі анклавамі, што можа быць у перспектыве, і цалкам асэнсавана да гэтага пытання падыходзіць», — падкрэсліў А.Сурыкаў.
25 верасня на імя Аляксандра Лукашэнкі паступілі лісты з асабістымі зваротамі кіраўнікоў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі Сяргея Багапша і Эдуарда Какойты з просьбай аб прызнанні Беларуссю незалежнасці гэтых тэрыторый.
Аляксандр Лукашэнка ў лісце кіраўніку Паўднёвай Асеціі паведаміў, што пытанне аб прызнанні Паўднёвай Асеціі разгледзіць новы склад «нацыянальнага сходу» Беларусі.