Чаго ня ведае «гісторык» Лукашэнка?
37- 10.11.2008, 9:24
7 лістапада беларускі кіраўнік высунуў даволі спрэчную тэзу, зь якой ня могуць пагадзіцца шматлікія беларускія дасьледчыкі.
“Дзякуючы ўсталяваньню савецкай улады беларусы ўпершыню атрымалі сваю дзяржаўнасьць” – гаворыцца ў віншавальным лісьце Аляксандра Лукашэнкі з нагоды 91 угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Кіраўнік краіны, дарэчы гісторык па адукацыі, высунуў даволі спрэчную тэзу, зь якой ня могуць пагадзіцца шматлікія беларускія дасьледчыкі.
Зьвяртаючыся да беларусаў у «чырвоны дзень календара», Аляксандар Лукашэнка патлумачыў суайчыньнікам, што «Перамога Вялікага Кастрычніка адкрыла новую старонку сусьветнай гісторыі. Абвесьціўшы прынцып нацый на самавызначэньне, яна стварыла немагчымыя раней магчымасьці для нацыянальнага адраджэннья, хуткага сацыяльна-эканамічнага й культурнага разьвіцьця народаў”.
“На жаль, калі я вучыўся й калі вучыўся Лукашэнка, у школе і ўнівэрсытэце менавіта так і вучылі, так і сьцьвярджалі, што толькі камуністычная партыя дала магчымасьць існаваць Беларусі. Нават МЗС БССР распрацавала такі буклет, які распаўсюджавала за мяжой, дзе было напісана, што БССР, створаная 1 студзеня 1919 году па дэкрэце Леніна. Там ня ўзгадвалася ані пра існаваньне Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай, ані ВКЛ, ані пра Полацкае княства. Такі пункт глкджаньня працягвае быць прапагандаваны праз СМІ ў Беларусі”, -- заявіў у інтэрв’ю “Польскаму радыё” гісторык, дэпутат Вярхоўнага Савету Валянцін Голубеў.
Большасьць апытаных гісторыкаў схіляецца да думкі, што вялізарную ролю ў станаўленьні сучаснай беларускай дзяржаўнасьці адыграла не кастрычніцкая рэвалюцыя, а лютаўская. Легалізацыя беларускага нацыянальнага руху, стварэньне першага Беларускага нацыянальнага камітэту адбываліся менавіта пасьля лютаўскай рэвалюцыі. У невялікі пэрыяд, да кастрычніка, было зроблена мноства працы й многія беларускія арганізацыі здолелі дасягнуць адзінства.
“Падзеі, якія адбыліся ў кастрычніку, істотна на гэта не паўплывалі – лічыць гісторык Алесь Смалянчук. – Спачатку бальшавікі не перашкаджалі, дазволілі правесьці Ўсебеларускі зьезд у Менску, але потым, калі яны адчулі, што беларусы імкнуцца самі кіраваць сваёй краінай – занялі скрайне варожую пазыцыю”.
“Я абсалютна не магу пагадзіцца з Лукашэнка наконт таго, што гэтая рэвалюцыя адыграла вялікую ролю. Я разумею, што ён хоча сказаць: для яго БНР – гэта не дзяржава, для яго першая дзяржава – гэта БССР. Але гэта абсалютна слабая й бездапаможная пазыцыя. Мы ведаем на колькі БССР залежала ад Масквы, тут варта згадаць Чарнобыльскую трагедыю й тое, як паводзіла сябе тады кіраўніцтва “незалежнай БССР”. Гэта была марыянэткавая рэспубліка, марыянэткавы рэжым. Рэальныя вытокі беларускай незалежнасьці – гэта БНР, тое, што рабілі самі беларусы, практычна насуперак усім суседзям. Гэта была воля эліты беларускага народу, якая ўбачыла сэнс і мэту ў незалежнасьці. А ўсё астатняе – гэта палітычныя гульні розных рэжымаў, каб абыйграць і выкарыстаць”, -- зазначыў гісторык.
Гісторык Уладзімер Ляхоўскі лічыць, што этнічныя працэсы ў Беларусі, як і ва ўсёй Усходняй Эўропе дэтэрмінавалі падзеі І сусьветнай вайны. Ляхоўскі перакананы, што тыя падзеі разбурылі старую сыстэму царскай улады й узбудзілі нацыянальныя памкненьні паняволеных народаў заходніх ускраінаў расейскай імпэрыі.
“Я лічу, што беларуская дзяржаўнасьць спароджана, перш-найперш, падзеямі І сусьветнай вайны. У беларусаў ня было такога часу, вольнай перадышкі, як напрыклад ва ўкраінцаў, якія мелі свой “п’емонт” у Галіччыне й мелі больш за 40 гадоў спакойнага нацыянальна-культуранага разьвіцьця. У нас гэтага ня было й той усплеск нацыянальных памкненьняў беларусаў ня быў падтрыманы моцнымі культурнымі дасягненьнямі ранейшага часу. Я не згаджаюся з думкай, што беларуская дзяржаўнасьць – гэта прадукт бальшавіцкай рэвалюцыі. Нават сама рэвалюцыя стала вынікам І сусьветнай вайны”, -- кажа Ляхоўскі.