Зьміцер Дашкевіч: «Cутнасьць рэжыму не мяняецца»
2- 10.11.2008, 11:30
«Тая хваля рэпрэсіяў, якая абрушылася на сяброў і лідэраў «Маладога фронту» яшчэ ў 2006 годзе працягваецца дагэтуль», -- заявіў лідэр арганізацыі Зміцер Дашкевіч, каментуючы разгляд у судзе справы моладзевых актывістаў, якіх затрымалі 7 лістапада насупраць будынку КДБ.
“На нейкі час, сыходзячы з асабістых інтарэсаў, Лукашэнка яе прыпыняў, прысуджаючы паводле 193-га артыкулу штрафы. Нейкі час нас выпускалі. Але сутнасьць рэжыму не мяняецца. Мы пра гэта гаварылі, калі выходзілі з турмы, бо ў той жа час пачыналіся новыя крымінальныя справы супраць нашых паплечнікаў”, -- сказаў палітык у інтэрв’ю “Радыё Свабода”.
Нагадаем, што ў судзе Ленінскага раёну Менску сёньня будуць судзіць моладзевых актывістаў, якіх затрымалі 7 лістапада насупраць будынку КДБ. Яны трымалі расьцяжку: “Камунізм пад трыбунал!”. Непаўналетніх адпусьцілі, а супраць пяці сяброў арганізацыі “Малады фронт” склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.
У суд Ленінскага раёну, які знаходзіцца ў будынку Дома правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі прывязуць актывістаў “Маладога фронту” Насту Палажанку, Тацяну Шапуцьку, Насту Лойку, Аляксея Янушэўскага і Антона Русіна. Трое сутак яны правялі ў камэрах турмы на вуліцы Акрэсьціна.