Лукашэнку не запрасілі на баль прэзідэнтаў у Польшчу
12- 10.11.2008, 15:45
Аляксандр Лукашэнка не прыме удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 90-годдзя незалежнасці Польшчы, якія пройдуць 11 лістапада ў Варшаве.
Паводле словаў кіраўніка прэс-службы беларускага кіраўніка Паўла Лёгкага, Аляксандр Лукашэнка не будзе прысутнічаць на прыёме ў польскага прэзідэнта Леха Качыньскага, які запланаваны на 11 лістапада.
«Заўтра ў нас мерапрыемства тут, у Менску», — сказаў Павал Лёгкі.
Пры гэтым, як паведамляе БелаПАН, кіраўніку прэс-службы невядома, ці прыходзіла на імя Аляксандра Лукашэнкі запрашэнне ад польскага прэзідэнта.
На 90-я ўгодкі незалежнасці Польшчы, 11 лістапада, прэзідэнт Лех Качыньскі арганізуе прыём. На яго запрошаныя прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў 55 краінаў, агульная колькасць гасцей можа дасягнуць 1 800 чалавек.
Як паведамілі ў канцылярыі прэзідэнта Польшчы, удзел ва ўрачыстасцях пацвердзілі прэзідэнты Літвы, Латвіі, Эстоніі, Вугоршчыны і Харватыі. У Варшаву плануюць прыехаць таксама канцлер Нямеччыны і прэм'ер-міністр Чэхіі. Спецыяльныя запрашэнні былі разасланыя кіраўнікам дзяржаваў не толькі Еўрапейскага звяза. Сярод запрошаных — прэзідэнты Расеі, ЗША і Грузіі.
Запрашэнне на ўрачыстасць атрымаў лаўрэат прэміі імя А.Сахарава, лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.