У Дзярждуму Расеі ўнесены законапраект аб падаўжэнні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў
8- 11.11.2008, 16:27
Заявы прэзідэнта Расеі падчас звароту да Федэральнага схода аб падаўжэнні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў да 6 гадоў пачынаюць рэалізоўвацца.
Прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў 11 лістапада ўнёс у парламент праекты законаў аб папраўках да Канстытуцыі РФ, якія прадугледжваюць падаўжэнне тэрміна паўнамоцтваў прэзідэнта РФ і Дзяржаўнай Думы, а таксама змяненне паўнамоцтваў парламента ў дачыненні да ўрада, паведаміла РІА «Новости».
Нагадаем, што, выступаючы з пасланнем перад Федэральным сходам, прэзідэнт РФ Дзмітры Мядзведзеў прапанаваў падоўжыць паўнамоцтвы прэзідэнта і Дзярждумы да шасці і пяці гадоў адпаведна - гэта першая рэформа Канстытуцыі Расеі з часу яе зацвярджэння. Зараз прэзідэнта і дэпутатаў расейцы выбіраюць кожныя чатыры гады.
Змены закрануць і верхнюю палату парламента: Савет Федэрацыі павінен фарміравацца толькі з ліку асобаў, прадстаўленых у выканаўчых органах улады ў рэгіёнах, заявіў прэзідэнт. Акрамя таго, цэнз аселасці для абрання чальцоў Савета Федэрацыі павінен быць адменены.
Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што папраўкі па тэрмінах паўнамоцтваў прэзідэнта - не рэформа, а карэктыроўка Канстытуцыі. Ён адзначыў, што гэтыя пытанні, пачынаючы з 90-х гадоў, узнімаліся неаднаразова. Паводле яго словаў, многія спасылаліся на гісторыю, якая ведае дастатковую колькасць выпадкаў, калі дэмакратычныя дзяржавы змянялі тэрміны паўнамоцтваў органаў дзяржаўнай улады. "Не буду іх пералічваць, гэтыя выпадкі агульнавядомыя, але хачу проста сказаць - гаворка ідзе не аб канстытуцыйнай рэформе, а менавіта аб карэктыроўцы Канстытуцыі. Аб сапраўды важных папраўках, але якія ўсёткі ўдакладняюць, не закранаючы палітычную і прававую сутнасць існуючых інстытутаў", - падкрэсліў Мядзведзеў.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы прапанаваў пашырыць канстытуцыйныя правы Федэральнага Схода і аднесці да прадмета загадвання Дзяржаўнай думы кантрольныя функцыі ў дачыненні да выканаўчай улады. Мядзведзеў загадаў вызначыць "канстытуцыйную норму, якая абавязвае ўрад Расеі штогод даваць справаздачу ў Дзяржаўнай думе па выніках дзейнасці і па пытаннях, пастаўленых непасрэдна парламентам".