9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэдыт МВФ для Лукашэнкі - пад пытаннем

12
Крэдыт МВФ для Лукашэнкі - пад пытаннем

Міжнародны валютны фонд пакуль не прыняў рашэння аб прадастаўленні Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў 2 мільярды даляраў. У той жа час суседняя Ўкраіна ўжо атрымала першую частку з абяцаных 16,5 мільярдаў даляраў. Праблемы з атрыманнем Беларуссю крэдыту эканамісты звязваюць з нерэфармаванасцю беларускай эканомікі.

Па словах эканаміста Леаніда Злотнікава, Беларусь просіць крэдыт у МВФ разам з такімі краінамі, як Пакістан.

«Што датычыцца Пакістана, то яму крэдыт абавязкова дадуць, таму што, не дай Бог, там абвострыцца сітуацыя і ядзерная зброя патрапіць у рукі ісламістаў-фундаменталістаў. А вось Беларусь – пад пытаннем», - заявіў эксперт у інтэрв'ю сайту «Заўтра тваёй краіны».

Перш чым Міжнародны валютны фонд вылучыць крэдыт, з урадам Беларусі павінная быць узгодненая праграма Фонду, якой будуць зафіксаваныя шляхі аздараўлення эканомікі.

«Маецца на ўвазе збалансаванасць знешнегандлёвага балансу, скарачэнне ўзроўня інфляцыі, абмежаванне адміністрацыйнага ўмяшання ў банкаўскую справу – у адсоткавую палітыку і гэтак далей. Гэта значыць, перш чым даць крэдыт МВФ ставіць цэлы шэраг умоваў. Там могуць быць і пытанні развіцця малога і сярэдняга бізнэсу, прыватызацыі. Але, у першую чаргу, гэта, вядома, знешнегандлёвы баланс, неўмяшанне ў коштаўтварэнне», - адзначае экс-кіраўнік Нацыянальнага банка прафесар Станіслаў Багданкевіч.

Па ягоных словах, неабходна, каб Беларусь пачала жыць па сродках.

«Мы праядаем больш, чым самі ствараем. За дзевяць месяцаў у нас дэфіцыт гандлёвага балансу, уключаючы паслугі, склаў два мільярды даляраў, а па таварах наогул чатыры мільярды. МВФ патрабуе збалансавання знешняга гандлю, паніжэння інфляцыі і навядзення парадку ў эканоміцы па іншых пазіцыях і вызначае для гэтага тэрміны. Мабыць, у перамовах з беларускім урадам у МВФ паўсталі нейкія цяжкасці», - сцвярджае Станіслаў Багданкевіч.

Хуткае рашэнне пытання з Украінай прафесар звязвае з тым, што там Вярхоўная Радая прыняла цэлы пакет законаў, накіраваных на аздараўленне эканомікі.

«А наш урад не прызнае, што ёсць праблемы ў эканоміцы, хаця нават афіцыйная статыстыка паказвае, што ў нас велізарнае перавышэнне імпарту над экспартам, высокая інфляцыя. Любая рынкавая рэформа пачынаецца з дэбюракратызацыі эканомікі, абмежаванняў умяшання дзяржавы.

А вось, напрыклад, у апошнім нумары часопіса «Банкаўскі веснік» апублікаваная новая інструкцыя аб тым, што любая знешнегандлёвая аперацыя будзе рэгістравацца ў Нацыянальным банку, які будзе кантраляваць тэрміны разлікаў. Атрымліваецца, дзяржава ўмешваецца нават у тым выпадку, калі нейкая ферма купляе сыравіну на тысячу даляраў. Гэта бюракратыя, якой нідзе няма. І такіх прыкладаў дастаткова. Тое ж самае - кантроль за гандлем, рэнтабельнасцю, выключэння прыбытку ў прадпрыемстваў, калі яны шмат зарабляюць па-за падатковымі законамі, у бюджэт або ў адмысловы фонд развіцця», - адзначае эксперт.

Менавіта таму, па меркаванні экс-кіраўніка Нацыянальнага банка, крэдыт МВФ знаходзіцца цяпер пад пытаннем.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках