Беларус паспрабаваў вывезці з Расеі срэбны кубак Люфтвафе
3- 12.11.2008, 10:39
Расейскія мытнікі затрымалі грамадзяніна Беларусі, які спрабаваў вывезці срэбны кубак, заснаваны ў фашыстскай Нямеччыне Германам Герынгам для ўзнагароджання баявых лётчыкаў.
Як паведамляе сайт «Смоленские новости», па ўзнагародным статусе кубак знаходзіўся паміж жалезным крыжом 1-га класа і рыцарскім крыжом. На ім намаляваныя два арла, нямецкі крыж са свастыкай і надпісам «1939», а таксама надпісы на нямецкай мове Feldwebel Franz Hagelstange am 16.8.42 (фельдфебелю Францу Хагельштанге 16 жніўня 1942 года) і, ніжэй, Fur besondere Leitung im Luftkrieg (за асаблівыя дасягненні ў паветранай вайне).
Паводле заключэння экспертаў, дадзены кубак мае гістарычную і культурную каштоўнасць, таму яго неабходна было задэклараваць. Паколькі беларус гэтага не зрабіў, трафей у яго канфіскавалі. Акрамя таго, на грамадзяніна нашай краіны завялі крымінальную справу за кантрабанду.