Насельніцтва Беларусі да 2050 года скароціцца да 7 мільёнаў чалавек
3- 13.11.2008, 14:22
Колькасць насельніцтва Беларусі скароціцца да 2050 года больш чым на чвэрць, прагназуе Фонд ААН па народанасельніцтве.
Сёння, паводле дадзеных ААН, у Беларусі пражывае 9,6 мільёнаў чалавек. Да 2050 года колькасць жыхароў Беларусі складзе 7 мільёнаў чалавек, гэта значыць скароціцца на 27%.
Паводле дадзеных Фонда колькасць жыхароў Расеі скароціцца да 2050 года на 24% з 141,8 мільёнаў чалавек да 107,8 мільёнаў. Для Украіны прагназуецца змяншэнне насельніцтва на 32,6% з 45,9 да 30,9 мільёнаў чалавек, перадае АФН.
Сярод былых савецкіх рэспублікаў найгоршыя паказчыкі па змяненні колькасці насельніцтва ў Малдавіі: мінус 0,8% у год. Найлепшыя паказчыкі дэманструе Таджыкістан: для яго прагназуецца штогадовы 1,5% прырост насельніцтва.
Пры гэтым агульнае насельніцтва планеты да 2050 года вырасце амаль у паўтары разы – да 9,2 мільярдаў чалавек. Адбудзецца гэта, у першую чаргу, за кошт афрыканскіх краінаў, колькасць насельніцтва якіх будзе расці ў сярэднім на 2,3% у год.
Калі верыць прагнозу ААН, дык самай населенай краінай на планеце стане Індыя, якая абгоніць Кітай. У 2050 годзе ў Індыі будзе пражываць 1 мільярд 658 мільёнаў чалавек (на сёння – 1 мільярд 186 мільёнаў), а ў КНР – 1 мільярд 408 мільёнаў (зараз – 1 мільярд 336 мільёнаў жыхароў).
Колькасць жыхароў Еўропы (без уліку краінаў былога СССР) скароціцца на 9,1% – з цяперашніх 731 мільёна да 664 мільёнаў.
Насельніцтва Злучаных Штатаў штогод будзе павялічвацца на 1%, і да 2050 года вырасце з 308 да 402 мільёнаў чалавек.