9 чэрвеня 2026, aўторак, 14:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі адзначылі ўгодкі са дня смерці Цімоха Вострыкава

13 лістапада ў Гомелі адзначылі першыя ўгодкі са дня смерці дзеяча нацыянальнага адраджэння Цімоха Вострыкава.

Ён сканаў 13 лістапада мінулага года на 85-м годзе жыцця, піша БелаПАН.

Ц.Вострыкаў доўга хварэў, перанёс два інсульты, апошні час зусім не рухаўся і амаль ні з кім не меў зносінаў. У апошнія гады жыцця Ц.Вострыкаў не меў уласнага жылля, нідзе не быў прапісаны, пражываў у знаёмай жанчыны, якая яго даглядала. За два тыдні да смерці да яго прыязджала здымачная група беларускага тэлебачання. Фільм аб Ц.Вострыкаве трансляваўся на канале АНТ за два дні да смерці дзеяча нацыянальнага адраджэння, у фільме яго прадставілі гледачам як амерыканскага, а затым савецкага разведчыка.

На жалобны абед Ніна Кузняцова, якая апошнія сем год даглядала Ц.Вострыкава, запрасіла ягоных сваякоў, знаёмых і суседзяў. Да ўгодак смерці гэтая жанчына ўсталявала помнік на магіле дзеяча нацыянальнага руху ў вёсцы Раманавічы Гомельскага раёна. Па ейных словах, шматлікія абяцалі дапамагчы ёй з вырабам і ўсталёўкай помніка, але ў выніку ўсё прыйшлося рабіць самой за ўласныя сродкі.

27 жніўня 1952 года Ц.Вострыкаў у складзе "чацвёркі" быў закінуты ў Налібоцкую пушчу як паўнамоцны прадстаўнік Рады БНР — для падтрымкі і развіцця беларускага нацыянальнага руху. Праз тыдзень Ц.Вострыкаў быў арыштаваны супрацоўнікамі НКВД. За "здраду Радзіме са зброяй у руках" Вярхоўным судом ён быў прысуджаны да 23 год лагераў. Пакаранне адбываў у Мардовіі, пасля вызвалення жыў у Гомелі. У яго застаўся сын — трыццацігадовы Ілля Вострыкаў, які жыве ў Гомелі і працуе ў будаўнічай арганізацыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках