«Газета Слонімская» ў судзе: зыскоўца пагаджаецца на міравую
- 14.11.2008, 11:18
13 лістапада ў Слонімскім раённым судзе падчас першага судовага слуханнея па зыску старшыні мясцовай арганізацыі «Беларускае таварыства інвалідаў» Алены Новікавай да недзяржаўнага рэгіянальнага выдання «Газета Слонімская» зыскоўца згадзілася на «мірнае» вырашэнне справы.
На папярэдніх сустрэчах бакоў суддзя Наталля Радзівонік спрабавала прымірыць бакі, паведамляе прэс-служба БАЖ.
Паводле слоў кіраўніцы слонімскай арганізацыі інвалідаў, яна адмовіцца ад зыску пры ўмове, што на старонках «Газеты Слонімскай» да Міжнароднага дня інвалідаў (3 снежня) з'явіцца артыкул пра іхнюю арганізацыю.
Наступная сустрэча бакоў у судзе прызначаная на 17 лістапада.
Нагодай для зыску па зыску аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі стаў артыкул Сяргея Чыгрына «Не рабі дабра - не атрымаеш зла» ў нумары «ГС» ад 27 жніўня 2008 г. Першапачаткова ў якасці маральнай кампенсацыі зыскоўца патрабавала ад рэдакцыі 5 мільёнаў 800 тысяч рублёў.