Беларуская дыктатура хоча набыць расейскія ракеты на заходнія крэдыты
14- 14.11.2008, 12:07
Лукашэнка вядзе перамовы аб размяшчэнні ў Беларусі ракет «Іскандэр», здольных паражаць цэлі ў Еўропе, піша «The Wall Street Journal».
Гэта паднімае стаўкі ў спрэчцы аб планах ЗША разгарнуць у Еўропе сістэму СРА і наносіць удар па надзеях Еўропы палепшыць адносіны з Беларуссю, што, як лічылі шматлікія ў ЗША і ў Еўропе, магло бы ўраўнаважыць варожасць Крамля, якая расце.
У сваім інтэрв'ю «The Wall Street Journal» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён быў бы рады збліжэнню з Захадам, але па двух пытаннях, што накалілі становішча, - канфлікту ў Грузіі і планам ЗША размясціць у Еўропе супрацьракетныя сістэмы для абароны ад патэнцыйнай іранскай пагрозы - выступае на баку Расеі.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ён «цалкам падтрымлівае» планы Расеі па разгортванні ў Калінінградзе ракет «Іскандэр», намэтаваных на аб'екты амерыканскай СРА. Калінінград - расейскі анклаў у Еўропе, ля межаў уваходзчых у НАТА Літвы і Польшчы, ракеты з яго могуць даляцець да будучай амерыканскай ракетнай базы ў Польшчы.
Лукашэнка заявіў таксама, што Расея прапаноўвае размясціць ракеты «Іскандэр» у Беларусі. Пры гэтым, калі дамовы дасягнуць не атрымаецца, Беларусь можа зрабіць гэта самастойна, дадаў ён.
«Нават калі Расея не прадаставіць нам гэтыя перспектыўныя ракеты, мы набудзем іх самі», - запэўнівае Лукашэнка.
Па ягоных словах, тэхналогіі, што ляжаць ў аснове оптыкі і сістэм навядзення «Іскандэра» - беларускія. «Цяпер у нас няма на гэта сродкаў, але атрымаць такую зброю - я цяпер выдам тайну - мы плануем», - заўважыў ён.
Аналітыкі, зрэшты, лічаць, што пакуль далёка не зразумела, ці трэба будзе Расеі сапраўды размяшчаць ракеты ў Беларусі. Крэмль прапаноўвае адмовіцца ад свайго калінінградскага праекту, калі Вашынгтон адмовіцца ад сістэмы СРА. Ракетныя амбіцыі Лукашэнкі таксама могуць апынуцца разменнай картай у гульні Расеі і Захаду.
Нягледзячы на цесны саюз з Масквой і моцнай залежнасцю ад яе, Лукашэнка, былы старшыня калгасу, 14 год таму абраны кіраўніком і з тых часоў утрымліваючы ўладу ў Беларусі, дагэтуль паспяхова пазбягаў абдымак Крамля.
Аднак, відаць, фінансавыя цяжкасці цяпер ціснуць на Менск мацней, чым раней. У сераду Расея абвясціла, што яна згодная прадаставіць Беларусі стабілізацыйны крэдыт у памеры 2 мільярдаў даляраў на падтрымку ейнай падарванай крызісам фінансавай сістэмы.
Па ўмовах крэдыту, Беларусь пагадзілася ў будучыні плаціць за нафту і газ рублямі, што вельмі важна для Крамля, які імкнецца пашырыць хаджэнне расейскай валюты за межамі краіны.
Дарадчыкі Аляксандра Лукашэнкі сцвярджаюць, што нядаўна ён пачаў зандаваць глебу на прадмет паляпшэння адносін з ЗША і Еўропай, якія ў 2006 годзе, пасля таго як яго абвінавацілі ў фальсіфікацыі «выбараў», наклалі на ягоны ўрад санкцыі. Санкцыі былі часткова знятыя сёлета, у сувязі з тым, што Лукашэнка загадаў вызваліць некаторых палітычных зняволеных.
Як і іншыя лідэры былых савецкіх краін, ён не паддаўся ціску Расеі, якая запатрабавала падтрымаць Крэмль у канфлікце з Грузіяй, прызнаўшы незалежнасць сепаратысцкіх Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Пакуль яе прызналі толькі дзве краіны - Расея і Нікарагуа.
Аднак цяпер, паўтараючы расейскія аргументы аб тым, што Захад сам падрыхтаваў глебу для аддзялення мяцежных рэгіёнаў прызнаннем незалежнасці Косава, ён дае зразумець, што ў гэтым пытанні можа схіліцца да пазіцыі Масквы.