Мінюст адмовіў у рэгістрацыі аб'яднанню пенсіянераў
1- 17.11.2008, 12:17
Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі грамадскаму аб'яднанню беларускіх пенсіянераў «Наша пакаленне» нібыта ў сувязі з «усталяванымі фактамі фальсіфікацыі прадстаўленых дакументаў».
«Падчас вывучэння дакументаў аб дзяржаўнай рэгістрацыі аб'яднання беларускіх пенсіянераў «Наша пакаленне» было ўсталявана, што шэраг асоб, паказаных у спісе заснавальнікаў і якія нібыта прысутнічалі на ўстаноўчай канферэнцыі аб'яднання, на самой справе на дадзенай канферэнцыі не прысутнічалі», - адзначылі ў міністэрстве.
Акрамя таго, паведамілі там, «склад заснавальнікаў аб'яднання не адпавядаў усталяваным законам «Аб грамадскіх аб'яднаннях» патрабаванням да стварэння рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў».
На падставе паказанага міністэрствам юстыцыі было адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб'яднання беларускіх пенсіянераў. Па аналагічных прычынах было таксама адмоўлена ў рэгістрацыі моладзеваму грамадскаму аб'яднанню «Бетэль» (Віцебск), рэспубліканскаму дабрачыннаму грамадскаму аб'яднанню «Каўчэг», заявілі ў міністэрстве.
Там растлумачылі, што заканадаўствам замацавана права заснавальнікаў грамадскага аб'яднання абскардзіць у судовым парадку рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі. У асобных выпадках ініцыятары стварэння грамадскіх арганізацый скарысталіся такім правам.
«Аднак усе рашэнні рэгіструючых органаў судом былі прызнаныя абгрунтаванымі», - адзначылі ў міністэрстве юстыцыі.
Лідэр грамадскага аб'яднання беларускіх пенсіянераў «Наша пакаленне» Таццяна Зялко абсалютна не згодная з такім сцвярджэннем.
«Літаральна на наступны дзень пасля таго, як была прынятая рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларусі і адмененыя на паўгады візавыя абмежаванні ў адносінах некаторых беларускіх палітыкаў, у тым ліку міністра юстыцыі Віктара Галаванава і начальніка ўпраўлення грамадскіх аб'яднанняў міністэрства Алега Сліжэўскага, Міністэрства юстыцыі ў чарговы раз не зарэгістравала грамадскае аб'яднанне пенсіянераў. Гэтым разам «Наша пакаленне».
Прычым прычыны, чаму было адмоўлена ў рэгістрацыі, былі названыя несур'ёзныя», - заявіла яна на паседжанні выканаўчага камітэта Еўрапейскага саюза пенсіянераў у Берліне.
«Што датычыцца нашага адказу на дзеянні Міністэрства юстыцыі, то дадзенае пытанне будзе вырашацца ў самы бліжэйшы час на ўпраўленні. Аднак мы намераныя змагацца да канца і гатовыя да такіх дзеянняў, якіх ніхто не чакае», - сказала Таццяна Зялко.