Мілінкевіч аб Макее: «Гэта чалавек высокаадукаваны і еўрапейскі»
39- 17.11.2008, 13:20
Нефармальная гутарка лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча і кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Уладзіміра Макея адбылася 13 лістапада падчас адкрыцця XI Менскага форума.
Пасля сустрэчы з чыноўнікамі Мілінкевіч заявіў, што ў кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі "няма комплексу Еўропы", як у іншых чыноўнікаў".
"Гэта чалавек высокаадукаваны, еўрапейскі. Я размаўляў з ім аб нашай стратэгіі, аб тым, што ацэньваю сітуацыю ў Беларусі як вельмі складаную, перш за ўсё ў эканамічным плане. Калі не рабіць спробаў па мадэрнізацыі эканомікі, дык Беларусь патрапіць у поўную залежнасць ад Расеі, стане пратэктаратам", - заявіў Мілінкевіч у інтэрв'ю БелаПАН.
Паводле словаў палітыка, Макей быў "дыпламатычна стрыманы". "Казаў больш я, але мне здаецца, што ён дастаткова інфармаваны аб усім», - сказаў Мілінкевіч.
"Я ведаю, што ва ўладзе абмяркоўваецца пытанне аб супрацоўніцтве з апазіцыяй па некаторых пытаннях. Мы даўно кажам, што неабходны ўнутраны дыялог. Але я прагматык. Сёння апазіцыя не мае магчымасці сесці трэцім партнёрам у перамовах Еўропы і ўлады. Але мы ўдзельнічаем завочна — з намі кансультуецца па ўсіх пытаннях Еўропа. Улада пакуль гэтага не робіць. Пакуль толькі ідзе падрыхтоўка да такога дыялогу. Я думаю, што ён усёткі будзе", - не выключыў палітык.
Ён лічыць, што " эліта і контрэліта" павінны знайсці "паміж сабой… нейкую згоду".
"Нас павінна аб'ядноўваць толькі адно: у нас адна краіна, якая не можа быць разменнай манетай у нашым змаганні, у палітычнай канкурэнцыі", - заявіў Мілінкевіч, адзначыўшы, што ўладам "лепш выканаць" прапановы ЕЗ па змяненні сітуацыі ў краіне.