Лідэр «Грамадзянскіх ініцыятываў» падаў у суд на МЗС Беларусі
- 17.11.2008, 13:20
Гомельскі грамадзкі актывіст Уладзімер Кацора праз суд дамагаецца выкананьня рашэньня Камітэту ААН па правох чалавека на аднаўленьне абласнога грамадзкага аб'яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы».
«Ад імя «Грамадзянскіх ініцыятываў» як намесьнік старшыні арганізацыі я зьвярнуўся ў суд Цэнтральнага раёну Менску з скаргай на дзеяньні Міністэрства замежных спраў. Акурат гэтае міністэрства адказвае за выкананьне міжнародных дамоваў Беларусі. А рашэньне Камітэту ААН зьяўляецца часткаю Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.
На маю думку, калі МЗС атрымала наш ліст, яно павінна было накіраваць свае прапановы ў Міністэрства юстыцыі альбо ў Гомельскую ўправу юстыцыі, якая займаецца рэгістрацыяй рэгіянальных грамадзкіх арганізацый. Управа юстыцыі мусіць выканаць рашэньне Камітэту ААН», - сказаў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» Уладзімер Кацора.
Дарэчы, абласная ўправа юстыцыі была ініцыятарам ліквідацыі праз суд «Грамадзянскіх ініцыятываў». Камітэт ААН, куды зьвярнуліся гомельскія актывісты, прызнаў ліквідацыю аб'яднаньня неабгрунтаванай.
У гэтай сувязі Ўладзімер Кацора й зьвяртаўся ў МЗС, Міністэрства юстыцыі й Канстытуцыйны суд з прапановай выканаць рашэньне Камітэту ААН па правах чалавека. Аднак згаданыя інстанцыі, кожная «ў межах сваёй кампэтэнцыі», адказалі адмовай. Таму актывіст вымушаны зьвярнуцца ў суд.