За акцыю салідарнасьці міліцыянты пагражаюць актывісту «Маладога Фронта» судом
- 18.11.2008, 9:32
Лідэру пінскай філіі «Маладога Фронту» Алесю Любянчуку пагражае суд за нядаўнюю акцыю ў падтрымку палітвязьня Аляксандра Баразенкі.
Некалькі актывістаў выйшлі на цэнтральную плошчу Пінска з расьцяжкаю «Свабоду палітвязьню Баразенке!» і раздавалі мінакам улёткі зь інфармацыяй пра зьняволенага хлопца.
Тады маладафронтаўцаў пратрымалі ў міліцыі 3 гадзіны і адпусьцілі без складаньня пратаколаў.
Раней Алесю Любянчуку патэлефанаваў невядомы мужчына, які назваўся супрацоўнікам міліцыі і папрасіў прыйсьці ў РАЎС на размову. Калі Алесь адмовіўся прыходзіць у міліцыю без афіцыйнай позвы, на допыт была выклікана яго маць. Іх распытвалі пра акцыю ў падтрымку Баразенкі, пра вучобу і працу Алеся Любянчука, пра яго дзейнасьць у «Маладым Фронце». Напрыканцы міліцыянты папрасілі перадаць маладафронтаўцу, што яны хацелі мірна ўладзіць зь ім справу, аднак з-за яго ўпартасьці і адмовы прыходзіць на допыт у міліцыю, яго справа будзе перададзена ў суд.
«Можа быць, без нашага ведама міліцыянты склалі пратаколы на затрыманых падчас акцыі салідарнасьці з Баразенкам, таму справа ў хуткім часе будзе разглядацца ў судзе, - кажа Алесь Любянчук. – Наколькі мне вядома, у міліцыяі дапытвалі і брата затрыманага ў той дзень моладзевага актывіста Ігара Салаўёва».
Як кажа Алесь Любянчук, ад суду ён хавацца не зьбіраецца і абавязкова прыйдзе на працэс.