Дзярждума Расеі прыняла ў другім чытанні папраўкі аб павелічэнні прэзідэнцкага тэрміна
2- 19.11.2008, 10:47
Дзяржаўная Дума Расеі прыняла ў другім чытанні папраўкі да Канстытуцыі РФ, якія прадугледжваюць павелічэнне тэрмінаў паўнамоцтваў прэзідэнта і дэпутатаў ніжняй палаты.
"За" прагаласаваў 351 дэпутат, супраць выказаліся 57 дэпутатаў.
Паводле паправак, занесеных прэзідэнтам Дзмітрыем Мядведзевым, тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта РФ павялічваецца з чатырох да шасці гадоў, тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Дзяржаўнай Думы - з чатырох да пяці гадоў, паведамляе Lenta.ru.
Дзейнічаць папраўкі, у выпадку іх прыняцця, пачнуць з наступных прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў.
Акрамя таго, Дзярждума прыняла ў другім чытанні папраўкі да Канстытуцыі РФ, датычныя кантрольных паўнамоцтваў парламента ў адносінах федэральнага ўрада. Паводле паправак, дэпутаты штогод будуць заслухоўваць справаздачы ўрада аб ягонай дзейнасці.
Трэцяе чытанне законапраекта пройдзе 21 лістапада. Пасля прыняцця Дзярждумай і Саветам Федэрацыі ўсіх гэтых паправак неабходна, каб іх ухвалілі не менш, чым дзве траціны заканадаўчых сходаў суб'ектаў РФ.
Акрамя таго, як паведамляе "Інтэрфакс", ля будынка Дзярждумы праходзіць адзінкавы пікет актывістаў "Яблыка". Па інфармацыі РИА Новости, адзінкавы пікет праводзяць і прадстаўнікі Левага фронту. Яны пратэстуюць супраць падаўжэння тэрмінаў паўнамоцтваў прэзідэнта і Дзярждумы.