Апазіцыянерка распавяла, як ахоўнікі зневажаюць жанчын у ізалятарах
6- 21.11.2008, 9:20
Старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганна Канюс падала скаргу начальніку Ленінскага РАУС Брэста на ўмовы яе ўтрымання ў ІЧС гэтага райаддзела міліцыі.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, актывістка знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання 18—23 сакавіка 2006 года. Разам з калегамі па партыі яна была затрыманая 18 сакавіка супрацоўнікамі міліцыі і арыштаваная на пяць сутак за адміністрацыйнае правапарушэнне.
А.Канюс прыводзіць факты, якія, па ейным меркаванні, сведчаць аб неналежных умовах утрымання ў ІЧС. Яна сцвярджае, што ў ізалятары, персанал якога складаўся толькі з мужчын, падвяргалася дыскрымінацыі як жанчына. У прыватнасці, праз "вочка" у дзверы камеры за зняволенымі сачылі супрацоўнікі ІЧС — мужчыны, піша А.Канюс. Ахоўнікі-мужчыны таксама назіралі за зняволенымі жанчынамі, калі яны прымалі душ.
"Гэта ўжо чацвёртая ў цяперашнім годзе скарга, пададзеная ад жанчын, якія лічаць, што ў дадзенай установе яны падвяргаліся такой дыскрымінацыі", — адзначыў Р.Кісляк. Па ягоных словах, падобныя скаргі — частка кампаніі праваабаронцаў, распачатай у рэгіёне восенню 2007 года. Яе мэта — прывесці ўмовы ўтрымання ў брэсцкіх ІЧС у адпаведнасць з артыкулам 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах жанчын.
Праваабаронца падкрэсліў, што ў адпаведнасці з законам грамадзяне могуць накіроўваць скаргі ў дзяржаўныя органы не пазней за тры гады са дня парушэння іх правоў або са дня, калі ім стала вядома аб такім парушэнні.