9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працаўнікі завода «Дыяпраектар» не зарабляюць і «мінімалкі»

12

На рагачоўскім заводзе «Дыяпраектар», дзе ў свой час працавалі віцэ-прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў ды амбасадар Беларусі ў Расеі, віцэ-прэм’ер Васіль Даўгалёў, больш за паўтары сотні рабочых ня могуць зарабіць нават мінімальнага заробку.

Кіраўнікі прадпрыемства сьцьвярджаюць, што фінансавы крызіс нібы не закрануў «Дыяпраектар».

«Крызізу няма на заводзе. Ужо ўключылі апал — цэхі грэюцца, усё ў нас грэецца. Да 25 лістапада выплацім за кастрычнік заробак. Умовы працы не мяняюцца, апрача пастановы Нацбанку, паводле якой мы ня можам зрабіць папярэднюю аплату ў Расею за матэрыялы. Мы зараз напісалі ліст у міністэрства і будзем у Саўмін зьвяртацца», - сказала ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» намесьніца дырэктара ў эканамічных пытаньнях Тамара Шчарбакова.

Адзін з работнікаў «Дыяпраектара» паведаміў, што ня так даўно апал сапраўды ўключалі ў цэхах. І выключылі — палічылі, што на вуліцы яшчэ цёпла.

«Ой, замоваў няма, працы няма. Халадзіна. Крыху працуем, а пасьля — сядзім. Некаторыя дадому ў адпачынак сыходзяць за свой кошт. Зрэзалі заказы. Калі раней, напрыклад, для расейскага «Аўтавазу» рабілі аўтамабільных люстэркаў па 30-40 тысяч штук на месяц, то цяпер — 10-12 тысяч. Людзі сядзяць. Мэтал — дарагі, няма за што яго купляць і за энэргію плаціць. Такая сытуацыя», - паведаміў працаўнік.

Былы рабочы заводу, чалец ПКБ і прафгрупорг мясцовай суполкі прафсаюзу РЭП Ігар Паўлаў, зь якім адміністрацыя прадпрыемства сёлета спыніла кантракт, сьцьвярджае, што сур’ёзных замоваў на наступны год у «Дыяпраектара» няма. Ужо зараз 158 працаўнікоў заводу ня могуць за восем гадзін зарабіць нават 208-тысячны мінімальны заробак.

«На сёньня сур’ёзных заказаў няма. У першую чаргу — на спэцтэхніку, прыборы назіраньня, датчыкі высокага ціску для расейскай газавай прамысловасьці. Асноўная маса працаўнікоў атрымлівае 300-400 тысяч рублёў. 158 чалавек на заводзе — гэта зьвесткі афіцыйнага прафсаюзу — не зарабляюць нават мінімалку, 208 тысяч рублёў. Ім завод даплачвае да 208 тысяч», - зазначыў Ігар Паўлаў.

Як лічыць спадар Паўлаў, ніяк не паспрыялі заводу былыя ягоныя работнікі, а цяпер высокапастаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі — віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў ды амбасадар Беларусі ў Расеі, віцэ-прэм’ер Васіль Даўгалёў.

«Ня бачна, каб Кабякоў і Даўгалёў бралі нейкі ўдзел, сустракаліся з калектывам, дапамагалі ў пераадоленьні заводам эканамічных цяжкасьцяў», - падкрэсьліў Ігар Паўлаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках