Улады хаваюць бядотнае становішча прадпрыемстваў
11- 24.11.2008, 15:11
Шэраг беларускіх прамысловых прадпрыемстваў працуе няпоўны працоўны тыдзень.
Аб гэтым паведаміў сустаршыня прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Аляксандр Бухвостаў. Улады ж адмаўляюцца даваць інфармацыю аб крызісным стане эканомікі.
Паводле звестках прафсаюзнага лідэра, на скарочаны працоўны тыдзень перайшлі прадпрыемствы, якія пастаўляюць сваю прадукцыю на Менскі аўтамабільны завод: ААТ "Белкард" (Гародня), Гарадзенскі завод цяжкіх штамповак, Асіповіцкі агрэгатны завод, Менскі завод шасцярон. "Паводле маёй інфармацыі, у МАЗа знізіўся попыт на аўтамабілі, і Расея прыпыніла іх набыццё", — адзначыў Бухвостов у інтэрв'ю БелаПАН.
"У мяне няма звестак па Менскім маторным і трактарным заводах, паколькі гэтую інфармацыю шмат якія прадпрыемствы закрылі", — паведаміў лідэр незалежнага прафсаюза.
"Акрамя таго, што прадпрыемствы пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень, адбываецца масавае адпраўленне людзей у неаплатныя адпачынкі, асабліва работнікаў інжынерна-тэхнічнай службы, — паведаміў А.Бухвостаў. — Паводле нашых звестак, гэта адбываецца на многіх прадпрыемствах, і мы збіраем інфармацыю аб гэтым. Я думаю, гэты працэс будзе нарастаць". Паводле яго словаў, такая ж сітуацыя і на ПА "Інтэграл".
Паводле інфармацыі сустаршыні прафсаюза РЭП, "прыём на ўсе заводы закрыты, праводзіцца аптымізацыя колькасці, пры якой скарачаюць людзей ці пераводзяць работнікаў з вышэйшай адукацыяй на працоўныя месцы".
У прэс-службе Мінпрама гэтую інфармацыю не каментуюць. Немагчыма таксама атрымаць каментары ў адміністрацыі прамысловых прадпрыемстваў.
Нагадаем, 31 кастрычніка падчас кадравых прызначэнняў Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што крызіс "карысны толькі моцным". "Гэта праверка, іспыт для эканомікі, улады і кіраўнікоў прадпрыемстваў. Калі кіраўнікі чагосьці вартыя, дык яны павінны вытрымаць гэты крызіс, — заявіў ён. — Я папярэдзіў чальцоў урада — у краіне крызісу няма, і ні аб якім крызісе гаворка ісці не будзе".
На фота -- менскі завод "Гарызонт"