Прадпрыемствы заваленыя таварамі. Пастаўкі ў Расею скараціліся напалову
1- 25.11.2008, 9:03
Вялікія цяжкасьці са збытам гатовай прадукцыі ў Расею зазнае ў гэтыя дні акцыянэрнае таварыства «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат».
Паўстала пытаньне пра скарачэньне працоўнага тыдня альбо нават спыненьне на пэўны час асобных вытворчасьцяў.
Цэхі камбінату па выпуску гафрыраванай тары нагадваюць цяпер складзкія памяшканьні.
“У нас гатовай прадукцыяй усе праходы, усё завалена. Асноўныя спажыўцы з Расеі ў сувязі з крызісам нібыта адмаўляюцца ад яе. Усё завалена гэтай прадукцыяй”, -- паведаміў “Радыё Свабода” адзін з рабочых.
У Расейскую Фэдэрацыю камбінат накіроўвае 45 адсоткаў сваёй прадукцыі. У лістападзе сытуацыя рэзка зьмянілася.
“За 18 дзён лістапада адгрузка ў Расею ўпала на 50 працэнтаў — адсюль і ўсе праблемы. І справа ня ў коштах. Там ідзе скарачэньне вытворчасьці. Яны хутка на крызіс адрэагавалі згортваньнем вытворчасьці — гэта перш за ўсё. Таму ў нас няма заявак на прадукцыю. І гэта — праблема.
У нас — бесьперапынная вытворчасьць, мы павінны альбо працаваць, альбо — не. Так, як у станкабудаўнікоў ці машынабудаўнікоў — спынілі канвэер, адну зьмену адправілі дамоў, — у нас так не атрымліваецца”, -- гаворыць намесьнік генэральнага дырэктара ў пытаньнях эканомікі Валер Раманенка.
Спадар Раманенка вельмі добра разумее, што скарачэньне экспарту вядзе да затаварваньня прадукцыяй. Гэта хвалюе людзей. Таму зараз у калектыве камбінату высьвятляецца стаўленьне людзей да мажлівага скарачэньня працоўнага тыдня:
“Мы загад яшчэ не пісалі. Але папярэдне паведамляем людзям пра магчымы пераход з новага году на скарочаны тыдзень. Аднак, паўтараю, канкрэтнага загаду яшчэ не пісалі”, -- дадаў чыноўнік.