Сідорскі едзе ў Маскву на сустрэчу з Лужковым
3- 25.11.2008, 9:53
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 25 лістапада наведае з працоўным візітам Маскву.
Аб гэтым агенцтву "Інтэрфакс" паведамілі ў прэс-службе кіраўніка беларускага ўрада.
"Праграмай візіту прадугледжаная сустрэча Сяргея Сідорскага з мэрам Масквы Юрыем Лужковым. Кіраўнік беларускага ўрада прыме таксама ўдзел у паседжанні Савета справавога супрацоўніцтва Беларусі і Масквы, на якім будуць падведзеныя вынікі ўзаемадзеяння ў 2008 годзе ў навуковай, інавацыйнай і харчовай сферах, на спажывецкім рынку, а таксама абмеркаваны ход рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў", адзначылі ў прэс-службе прэм'ера.
Прадугледжваецца цырымонія ўзнагароджання прадстаўнікоў беларускіх і маскоўскіх прадпрыемстваў ганаровымі дыпламамі Савета справавога супрацоўніцтва Беларусі і Масквы.
Акрамя таго, С.Сідорскі і Ю.Лужкоў прымуць удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Палаца гульнявых відаў спорту ў Паўднёва-Заходняй адміністрацыйнай акрузе Масквы.