Леанід Заіка: «Яшчэ два месяцы - і Беларусь магла бы застацца без валюты»
4- 26.11.2008, 9:48
У Беларусі забароненая перадаплата за пастаўкі імпартных тавараў. Гэта можа прывесці да таго, што яны знікнуць з крам.
«Антыэканамічнымі» называе меры Нацбанка Беларусі Аляксандр Патупа:
«Схема такой забароны, на мой погляд, антыэканамічная. Калі маецца на ўвазе, што яна сама па сабе эканоміць нейкія сродкі, гэта няпраўда», -- заявіў эксперт у інтэрв'ю «Еўрарадыё».
Як лічыць эканаміст, гэтыя меры ўдараць па бізнэсе, але не дапамогуць зэканоміць сродкі. Хоць праблема не толькі ў гэтым, бо, да ўсяго, яшчэ і цяжка атрымаць крэдыт на закупку тавара. І усё гэта падрывае старыя схемы.
«Гэта проста падрывае тыя схемы, якія пабудаваныя на аснове дэпазітнай гарантыі або перадаплаты. Але незалежна ад гэтага паўсталі складанасці, таму што звычайныя схемы з крэдытаваннем падвіслі ў паветры», -- сказаў Аляксандр Патупа.
Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін лічыць, што шматлікія пастаўшчыкі не пагодзяцца на аплату па факце пастаўкі тавара, але беларускі бізнэс знойдзе іншыя схемы.
«Забароненая перадаплата. Аплата ідзе толькі па факце пастаўкі тавара. Але па перадаплаце працуюць шматлікія. Бізнэс адаптуецца, створыць новыя схемы, але гэта павялічыць выдаткі», -- лічыць ён.
Так навошта жа гэтыя меры былі ўведзеныя?
«Аналіз паказаў, што прадпрыемствы, прадчуваючы магчымую дэвальвацыю, ператвараюць свае грошы ў піва, нафтапрадукты, камплектуючыя, пазбаўляюцца ад рублёў. Не трэба іх асуджаць, бо яны таксама хочуць свае грошы выратаваць. У такой сітуацыі фінансавай хворасці, як у каханні, усё магчыма, усе спосабы добрыя», -- кажа эксперт.
Аб тым, як пастанова Нацбанка паўплывала на самі кампаніі-імпарцёры і як яны збіраюцца выходзіць з сітуацыі, «Еўрарадыё» пацікавілася на сталічным прадпрыемстве «Быттэхторг»:
«Існуюць іншыя формы аплаты, праз акрэдытыў, але гэта дадатковыя выдаткі, якія мы будзем аплочваць банкам, якія будуць рабіць гэтыя плацяжы. На сённяшні дзень усё пераходзяць на перадаплату, і дамовіцца з людзьмі, асабліва з замежнікамі, на адтэрміноўку вельмі складана», -- заявілі на прадпрыемстве.
Атрымліваецца, што гэтая пастанова ўдарыць па фірмах, але дасць магчымасць зарабіць банкам. Зараз валюту для разліку прадпрыемствам трэба купляць на біржы, таму з ёй таксама ўзнікаюць праблемы. А яшчэ на падпіску новых дамоваў з пастаўшчыкамі патрэбны час, і гэта можа сарваць навагоднія пастаўкі.
На дзяржпрадпрыемствах кажуць, што разлічваюцца пераважна па факце пастаўкі, а па некаторых пунктах паспелі зрабіць аплату да ўвядзення пастановы. Як будзе далей - невядома.
Некаторыя фірмы карыстаюцца сітуацыяй і спрабуюць падзарабіць. Калі б беларускі ўрад не адрэагаваў на тое, што валюта выцякае за межы, праз месяц у краіне застаўся бы адзін даляр, лічыць Леанід Заіка:
«Тут выстаўляецца заслона тым аперацыям, якія не з'яўляюцца прафесійнымі і не суадносяцца са статусам фірмы, ейнай дзейнасцю. Калі хтосьці працуе, як акула на рынку — сёння купіў піва, заўтра каўбасу, паслязаўтра нешта яшчэ купіў, купі-прадай — то ў іх будуць праблемы. Яны проста пачнуць разумець, што трэба працаваць сур'ёзна».