9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікаў прымушаюць стаць Санта-Клаўсамі

27

Менскія ўлады прыдумалі, як ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу падстрахавацца на мясцовым узроўні.

Грошы на «чорны» дзень яны вырашылі ўзяць з кішэняў прадпрымальнікаў. У Менгарвыканкаме рыхтуецца ліст, у якім чыноўнікі прапануюць бізнэсмэнам – арандатарам плошчаў гандлёвага цэнтра «Сталіца» -- пералічыць суму, роўную памеру месячнай арэнднай платы, на рэзервны рахунак.

Гандлёвы цэнтр «Сталіца» з'яўляецца валоданнем Менгарвыканкама. На днях прадпрымальнікаў, якія арандуюць там плошчы, выклікалі чыноўнікі галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынка, якія паведамілі, што рыхтуюць для іх афіцыйны ліст. Сутнасць яго зводзіцца да неабходнасці пералічыць на рэзервны рахунак выканкама свой месячны арэндны плацёж.

-- Нам растлумачылі, што гэтыя грошы будуць там захоўвацца на ўсялякі выпадак. Да прыкладу, калі я захачу спыніць працу ў гандлёвым цэнтры «Сталіца», тады не спатрэбіцца плаціць за арэнду ў апошні месяц. Зразумела, што ў гэта мала хто верыць, -- распавёў «Салідарнасці» адзін з прадпрымальнікаў, які па зразумелых прычынах не пажадаў афішаваць сваё прозвішча.

Арэндны кошт квадратнага метра плошчы гандлёвага цэнтра сёння складае для прыватніка 37 еўра. Так што павільён плошчай 200 квадратных метраў абыходзіцца прадпрымальніку прыкладна ў 7400 еўра.

Сама жа «Сталіца» -- гэта 75655 тысяч метраў агульнай плошчы, з якіх, можна выказаць здагадку, палова гандлёвай. Так што нават па прыкладных падліках выходзіць, што такім чынам у чыноўнікаў будзе магчымасць сабраць сотні тысяч еўра.

Варта адзначыць і той факт, што ліст з такой «просьбай» прадпрымальнікі павінныя атрымаць акурат напярэдадні Новага года, калі прыходзіць час пераафармляць дамовы арэнды.

-- Мы разумеем, што ў выпадку, калі грошы не будуць пералічаныя, дамову могуць не падоўжыць. Яшчэ незразумела, як чыноўнікі Менгарвыканкама збіраюцца юрыдычна растлумачыць сваю просьбу… Але, як бы там ні было, сёння кожнаму прадпрымальніку дастаць з абароту некалькі тысяч еўра і адправіць іх незразумела на якія патрэбы – гэта, вядома, удар, -- падагульніў суразмоўца.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках