Большасць загінулых і параненых у выніку тэракту ў Мумбаі -- замежнікі (Фота, відэа)
- 27.11.2008, 14:45
Паводле апошніх звестак, у індыйскім Мумбаі ў выніку нападу тэрарыстаў загінулі больш за 100 чалавек, не менш за 287 атрымалі раненні.
Раней паведамлялася, што ў Мумбаі ў сераду ўвечары загінулі адзінаццаць паліцыянтаў, у тым ліку кіраўнік антытэрарыстычнага падраздзялення. Тэрарысты таксама захапілі закладнікаў і ўтрымлівалі іх у двух пяцізоркавых гатэлях – Tadj Mahal і Oberoi, паведамляе Associated Press. У ліку закладнікаў апынуліся грамадзяне Ізраілю - кіраўнік індыйскай габрэйскай супольнасці Джонатан Саламон, яго жонка і малалетнія дзеці. Таксама каля 15 чалавек, у тым ліку сямёра замежнікаў, былі захопленыя ў гатэлі Tadj Mahal.
На гэты момант усе закладнікі, захопленыя тэрарыстамі раней у гатэлі "Тадж-Махал", вызваленыя, паведамляе сайт газеты Times of India. З гатэля Tadj Mahal вывезеныя дзевяць расейцаў, якія прыехалі ў Індыю ў камандзіроўку па лініі ФДУП "Расабаронэкспарт". Яны размешчаныя на тэрыторыі расейскага гандлёвага прадстаўніцтва. Туды жа дастаўленыя эвакуяваныя з гатэлю Oberoi восем чальцоў экіпажа кампаніі "Аэрафлот". Яшчэ дзве сцюардэсы з гэтага ж экіпажа пакуль застаюцца ў гатэлі. Аднак яны змаглі звязацца са сваімі калегамі па мабільным тэлефоне і падцвердзілі, што знаходзяцца ў бяспецы ў сваіх нумарах.
Большасць загінулых і параненых – замежнікі. МЗС Японіі ўжо заявіў, што ў выніку тэрактаў у Мумбаі загінуў адзін грамадзянін гэтай краіны, яшчэ адзін атрымаў раненне. Генконсульства Расеі ў Мумбаі пакуль не мае звестак аб усіх расейцах, пацярпелых у выніку тэрактаў, паведамляе РІА "Новости".
Індыйскія ўлады закрылі горад Мумбаі пасля тэрактаў. Доступ у горад перакрыты, а мясцовых жыхароў просяць не пакідаць горад, дзе тэрарысты працягваюць утрымліваць два будынкі: гатэль "Трайдэнт-Аберой" і жылы комплекс "Нарыман". У закладніках на тэрыторыі гатэля "Трайдэнт-Аберой" засталіся яшчэ дзве расейкі - сцюардэсы "Аэрафлота" - а таксама расейскі грамадзянін Аляксандр Пахомаў. У цяперашні час іх лёс невядомы. Сведкі здарэння раней паведамлялі, што тэрарысты, якія атакавалі адразу дзесяць аб'ектаў у Мумбаі, шукалі брытанцаў і амерыканцаў. Аднак пакуль звестак аб пацярпелых грамадзянах гэтых краінаў няма.
Прадстаўнік Аховы нацыянальнай бяспекі дадаў, што яшчэ 200 камандас NSG тэрмінова адправіліся ў Мумбаі. Паліцыянты і камандас маюць намер знішчыць ці арыштаваць тэрарыстаў, якія да гэтага часу хаваюцца ў гатэлях. У цяперашні час у вызваленых будынках ідзе "зачыстка", на першых паверхах "Тадж-Махала" знойдзена каля 40 целаў. Акрамя таго, паводле звестак rediff.com, паліцэйскі верталёт пераследуе судна, з якога тэрарысты высадзіліся ў порце Мумбаі.
Напад узброеных тэрарыстаў стаў самай дзёрзкай акцыяй у гісторыі Мумбаі. Адказнасць за тэракты ўжо ўзяла на сябе раней невядомая групоўка "Дэканскія маджахеды".
Як сцвярджаецца, у групу ўваходзілі 10 узброеных баявікоў, якія прыплылі ў найбуйнейшы індыйскі мегаполіс па моры, на маторнай лодцы, непасрэдна з пакістанскага горада Карачы. Асноўнымі іх мішэнямі сталі пяцізоркавыя гатэлі "Тадж Махал" і "Трайдэнт-Аберой". Пры нападзе выкарыстоўваліся аўтаматы, ручныя гранаты, выбуховыя прылады з гексагенам.
Матывы нападаў пакуль таксама незразумелыя. Раней па Індыі пракацілася хваля серыйных выбухаў у буйных гарадах, адказнасць за якую ўзяла на сябе групоўка "Індыйскія маджахеды", таксама раней невядомая. Зараз больш за 20 яе меркаваных актывістаў затрыманыя і даюць паказанні.