«Народная воля» з'явілася ў кіёсках (Фота)
13- 27.11.2008, 16:38
Міністэрства інфармацыі прысвоіла незалежнай газеце разавы штрых-код, і сёння «Народная воля» з'явілася ў кіёсках «Белсаюздрука».
Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведамілі ў рэдакцыі выдання.
Нагадаем, што раней была распаўсюджаная інфармацыя, што са з'яўленнем «Народнай волі» у кіёсках (у прыватнасці, у Менску) магчымая затрымка. Каб газета патрапіла ў кіёскі, трэба тэрмінова атрымаць штрых-код ад французскага агенцтва, а з гэтым ўзніклі праблемы тэхнічнага характару.
У сераду ўвечары тыраж чарговага нумара газеты прывезлі са Смаленска, дзе друкуецца выданне (хаця дамову з Домам друку «Народная Воля» ужо падпісала).
Як паведамілі прэс-цэнтру Хартыі’97 у рэдакцыі газеты, у Мініінфармацыі газеце прысвоілі разавы штрых-код, каб яна змагла з'явіцца ў кіёсках у чацвер. Чакаецца, што да выхаду новага нумара выдання французскае агенцтва зможа выдаць «Народнай волі» штрыхавы код.
Штрых-код — таварны код кніжнай, часопіснай і газетнай прадукцыі, які адпавядае стандарту Міжнароднай асацыяцыі таварнай нумарацыі (EAN). Уяўляе з сябе чаргаванне цёмных і светлых палосак (штрыхоў) рознай шырыні з нанесенымі пад імі лічбамі. Штрых-код утрымліўвае інфармацыю аб прадукцыі і яе вытворцы.


Фота -- «Наша Ніва»