«Financial Times Deutschland»: Дыктатар Лукашэнка праводзіць шырокамаштабную піяр-акцыю
17- 27.11.2008, 17:28
Эканамічныя пераўтварэнні ў Беларусі зусім не азначаюць палітычнай адлігі, піша сёння «Financial Times Deutschland».
Беларусь пачынае шырокамаштабную піяр-акцыю. Беларускі дыктатар хоча ператварыць сваю краіну ў інвестыцыйны рай і вызваліцца ад кайданоў Масквы. Але для таго, каб замежныя кампаніі разгарнулі тут сваю вытворчасць, Беларусі дзеля пачатку трэба вырашыць іміджавую праблему: справа ў тым, што ў Беларусі кіруе апошні ў Еўропе дыктатар, піша Верэна Дзітхельм. "З-за аўтарытарнага рэжыму дзяржава шмат гадоў знаходзілася ў ізаляцыі. Эканоміка Беларусі знаходзіцца ў моцнай залежнасці ад паставак энерганосьбітаў, якія субсідыруюцца Расеяй".
Аднак у апошні час Менск робіць відавочныя спробы збліжэння з Захадам: выканаў улетку адно з асноўных патрабаванняў Брусэля і выпусціў з турмаў палітычных вязняў. У адказ на гэта Еўразвяз змякчыў санкцыі. "А той факт, што Лукашэнка не прызнаў самаабвешчаныя Паўднёвую Асецію і Абхазію, сведчыць аб тым, што ён хоча вызваліцца ад залежнасці ад Расеі", – піша аўтар матэрыялу.
Менск, які да гэтага "трываў" замежных інвестараў, вырашыў звярнуцца да іх наўпрост – беларусы нядаўна арганізавалі ў Лондане інвестыцыйны форум. Як адзначыў старшыня праўлення аднаго з заходніх банкаў у Менску, урад прыкладае сур'ёзныя высілкі дзеля таго, каб стварыць прывабны інвестыцыйны клімат. Толькі ў 2008 годзе, адзначае Верэна Дзітхельм, было прынята 30 законаў, якія паляпшаюць бізнэс-клімат у краіне.
Тым не менш, эканамічныя пераўтварэнні зусім не азначаюць палітычнай адлігі. На "парламенцкіх выбарах" у верасні АБСЕ былі адзначаныя факты фальсіфікацыі вынікаў, да таго ж ні адзін кандыдат ад апазіцыі не атрымаў мандата. "У гэтай сувязі, – рэзюмуе аўтар, – многія эксперты параўноўваюць цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі з эпохай перабудовы ў Расеі ў 1980-я гады". Тады былі зробленыя спробы правесці рэформы ў духу рынкавай эканомікі без зменаў у палітычнай сістэме.