9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Невыезныя» апазыцыянэры рыхтуюць акцыю пратэсту

10 сьнежня адбудзецца марш пратэсту «невыезных» актывістаў дэмакратычных сілаў супраць забароны выезду за мяжу.

Акцыя праводзіцца з нагоды Міжнароднага дня абароны правоў чалавека і пачнецца каля будынку Міністэрства ўнутраных справаў. Удзельнікі шэсьця наведаюць КДБ, Міністэрства абароны і Генэральную пракуратуру, перадае «Радыё Свабода».

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў зь Міністэрства ўнутраных спраў адказ на калектыўную заяву, пад якой, акрамя ягонага, стаяць подпісы Зьмітра Дашкевіча, Юрася Карэтнікава і Паўла Кур’яновіча.

Нагадаем, 6 лістапада адбыўся імправізаваны марш «невыезных» дэмакратычных актывістаў. Лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч і лідэр АГП Анатоль Лябедзька перадалі заявы з патрабаваньнем выкрэсьліць іхныя прозьвішчы зь сьпісу «невыязных» у Генэральную пракуратуру, а Юрась Карэтнікаў — у МУС.

«Намесьнік міністра спасылаецца на канкрэтны ўказ Лукашэнкі, які быў падпісаны ў сьнежні мінулага году. І гэта зьяўляецца юрыдычнай падставай, каб забараняць людзям выяжджаць за межы краіны. Да таго ж, намесьнік міністра спасылаецца на тое, што аднаго з падпісантаў гэтага ліста, грамадзяніна Дашкевіча, паводле той транскрыпцыі беларускай мовы, як ён падпісаўся, няма.

Што рабіць у такой сытуацыі? Як рэагаваць? Змагацца за свае правы! 10 сьнежня, у Сусьветны дзень абароны правоў чалавека, мы зноў выйдзем на вуліцу», - гаворыць Анатоль Лябедзька.

Зьміцер Дашкевіч атрымаў сёньня адказ з Генэральнай пракуратуры, у якім сьцьвярджаецца, што летась 11 лістапада Менскі раённы суд пакараў яго зьняволеньнем на два гады і 8 месяцаў нібыта за «злоснае хуліганства».

«Напрыканцы 2007 году я знаходзіўся ў Шклоўскай калёніі. Вельмі дзіўна, як такія дакумэнты могуць інстанцыі такога высокага ўзроўню дасылаць грамадзянам.

Паводле базы мне сказалі, што ў мяне нібыта не заплачаны шклоўскі штраф у крымінальнай справе за адмову даваць паказаньні супраць Івана Шылы. У самім судзе, падняўшы справы, мне паведамілі, што штраф я заплаціў, усе дакумэнты ў МУС падалі і ўсе адпаведныя формы даўно запоўнілі», - распавядае Зьміцер Дашкевіч.

Лідэр «Моладзі БНФ» Франак Вячорка стаў невыезным пасьля таго, як ягонае прозьвішча ўнесьлі ў «чорны сьпіс» з падачы ваенкамату Савецкага раёну Менску.Але ён сьцьвярджае, што выканаў усе патрабаваньні вайскоўцаў.

«Я штотыдзень праходжу ваенкамат. Мне штотыдзень абяцаюць разабрацца, і нават паказвалі паперу на імя міграцыйнай службы аб выключэньні мяне з сьпісу невыезных. Але кіраўнік ваенкамату яе не падпісвае. Наколькі я разумею, не падпісвае прынцыпова, таму што няма рашэньня зьверху. А рашэньня ня будзе, пакуль ім выгодна трымаць мяне невыезным», - лічыць Франак Вячорка.

Ваенкамат зацікавіўся моладзевым актывістам, калі таго выключылі з БДУ пасьля адбыцьця арышту. Учора Франак наведаў рэктарат, дзе яму параілі зноў зьвярнуцца ў лютым 2009 году з заявай, каб яго аднавілі на навучаньні.

Антон Койпіш, фігурант «Працэсу 14-ці», быў пакараны штрафам. Нягледзячы на тое, што ён штраф заплаціў, ягонае прозьвішча таксама ўнесьлі ў сьпіс.

«Я невыезны ад 22 ліпеня, калі быў разгляд нашай скаргі на прысуд у «справе 14-ці». Тады мяне пакаралі штрафам. Хаця штраф я даволі даўно выплаціў, мяне дагэтуль не выключаюць з сьпісу невыезных і не тлумачаць прычыны», - пацьвердзіў Антон Койпіш.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках