Вярхоўны суд адмовіўся праводзіць «працэс над камунізмам»
1- 28.11.2008, 9:20
Вярхоўны суд Беларусі адмовіў актывістам зарэгістраванай у Чэхіі моладзевай арганізацыі «Малады фронт» у правядзенні «працэсу над камунізмам».
Аб гэтым БелаПАН паведаміла прэс-сакратар арганізацыі Таццяна Шапуцька.
Па ейных словах, афіцыйны ліст з Вярхоўнага суда 27 лістапада атрымала адна з заяўнікоў Анастасія Лойка. "Пытанне аб распачынанні крымінальнай справы не адносіцца да кампетэнцыі Вярхоўнага суда", — вядзецца ў ім.
Як лічыць А.Лойка, якая з'яўляецца кіраўніком юрыдычнага аддзела "Маладога фронту", у такім разе заява аб распачынанні справы па артыкуле 128 Крымінальнага кодэкса (злачынствы супраць бяспекі чалавецтва) будзе перанакіраваная ў Генеральную пракуратуру.
Нагадаем, 20 лістапада А.Лойка і Аляксей Янушэўскі падалі ў Вярхоўны суд заяву наступнага зместу: "Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, просім Вярхоўны суд разгледзець тыя гістарычныя злачынствы (неабгрунтаваныя забойствы, пазбаўленне волі, катаванні, пазбаўленне маёмасці і іншае), якія здзяйснялі камуністычныя ўлады ў Беларусі па палітычных матывах. Вялікая колькасць нявінных забітых і закатаваных людзей не рэабілітаваныя дагэтуль. Каб не паўтарыць памылкі мінулага, мы лічым неабходным хоць бы зараз, праз 70 год, правесці працэс, як калісьці правялі Нюрнбергскі працэс над фашызмам. <…> Камуністычная ідэалогія, злачынная па сваёй сутнасці, знішчыла большую колькасць сваіх грамадзян у СССР і іншых краінах, чым фашысты. Аднак за гэтыя злачынствы ніхто не пакараны і сёння. Таму мы патрабуем правесці Курапацкі працэс над катамі камуністычнай ідэалогіі".