9 чэрвеня 2026, aўторак, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зняволеная па справе ЮКАСа Святлана Бахміна нарадзіла дзяўчынку

8

Сёння раніцай былы юрыст ЮКАСа, зняволеная Святлана Бахміна нарадзіла дачку. І маці, і дзіця пачуваюцца добра.

Як паведамляе NEWSru.com, вага нованароджанай – больш за тры кілаграмы, рост – каля 50 сантыметраў.

Дзе менавіта нараджала Святлана, дагэтуль невядома. Раней паведамлялася, што пад ціскам грамадскай думкі Святлана Бахміна была пераведзеная ў грамадзянскую клініку ў «маскоўскім рэгіёне». Паводле непацверджанай інфармацыі, роды прайшлі ў адной з клінікаў Масквы.

Такім чынам, прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў так і не захацеў памілаваць Святлану Бахміну да нараджэння дзіцяці. Пад зваротам да яго з просьбай зрабіць гэта падпісалася амаль 88 тысячаў чалавек. Аднак фармальна Бахміна нараджала як зняволеная.

Як назваць дзяўчынку, бацькі яшчэ не вырашылі. Аднак юрысты раяць зрабіць гэта як мага хутчэй. 24 снежня ў Вярхоўным судзе Мардовіі будзе разглядацца скарга Бахміной на адмову ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні (УДВ). Калі да гэтага моманту дзяўчынцы дадуць імя, можна будзе падаць суду пасведчанне аб нараджэнні ў сям'і зняволенай Бахміной трэцяга дзіцяці.

Пры разглядзе скаргі Бахміной - сцвярджаюць юрысты – магчымыя тры варыянты развіцця падзеяў.

Першы варыянт: суд падцвярджае адмову ва УДВ і Бахміна – з дзіцем ці без яго (па законе яго можна пакінуць на выхаванне мужу) – вяртаецца ў калонію. Паўторна прасіць УДВ можна будзе толькі праз паўгады.

Другі варыянт: Вярхоўны суд не згаджаецца з рашэннем раённага і накіроўвае справу ў райсуд на чарговы разгляд (Зубава-Палянскі суд ужо двойчы адмаўляў Бахминой ва УДВ). Пры гэтым можа ўзнікнуць сітуацыя, пры якой Зубава-Палянскі суд адмовіцца ад разгляду справы, бо Бахміна на сённяшні момант не знаходзіцца на яго тэрыторыі. Куды ў такім выпадку будзе перанакіраваная скарга, залежыць ад таго, дзе менавіта будзе ўтрымлівацца Бахміна пасля нараджэння дзіцяці.

Трэці варыянт: Вярхоўны суд Мардовіі сам прыме станоўчае рашэнне аб УДВ, і Святлана Бахміна да Новага года апынецца на волі.

Менавіта да гэтай версіі схіляюцца тыя назіральнікі, якія лічаць, што палітычнае рашэнне аб яе вызваленні прынятае, але з-за шэрагу прычынаў Дзмітры Мядзведзеў не можа вырашыць лёс Бахміной праз прэзідэнцкае памілаванне.

Між тым пытанне аб тым, дзе будзе знаходзіцца Бахміна зараз - пасля нараджэння дзіцяці і да рашэння Вярхоўнага суду - застаецца адкрытым. Па законе, калі роды праходзяць без ускладненняў, маці з дзіцем знаходзіцца ў радзільні яшчэ 4-5 дзён. Паводле медычных паказанняў, тэрмін знаходжання ў шпіталі можа быць павялічаны.

Заканадаўства, акрамя таго, прадугледжвае магчымасць 12-дзённага (без уліку часу на дарогу) адпачынку для зняволенай, якая нарадзіла дзіця. Але гэта толькі ў тым выпадку, калі жанчына прымае рашэнне пакінуць дзіця ў сям'і, на свабодзе.

Такім чынам, тэрмін паміж шпіталём і рашэннем суду Святлана Бахміна тэарэтычна можа правесці дома, калі прыме рашэнне пакінуць дачку мужу.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках