Сёння ў Расеі святкуюць Дзень вызвалення Масквы ад беларусаў, палякаў, літоўцаў і ўкраінцаў
29- 4.11.2008, 14:56
4 лістапада ў Расеі афіцыйнае свята -- Дзень народнага адзінства. Але гістарычныя падзеі гэтага дня цесна звязаныя з Беларуссю.
Дзень народнага адзінства ў Расеі прымеркаваны да «выгнання з Масквы ў 1612 годзе польска-літоўскіх інтэрвентаў». Беларускія гісторыкі падцвярджаюць, што на самой справе гэта былі войскі Вялікага Княства Літоўскага. І складаліся яны ў асноўным з беларусаў, украінцаў, палякаў і літоўцаў.
«Каб не адзначаць угодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада ў Расеі назвалі Днём памяці і прымірэння, які стаў ужо жалобным. Потым узгадалі аб даце 4 лістапада, калі ў 1612 годзе з Расеі «былі выгнаныя палякі». Але я б не называў гэта антыпольскімі настроямі, гэта проста гістарычная дата. Гэтак жа, як і святкаванне перамогі ў бітве пад Воршай не з'яўляецца праявай антырасейскіх настрояў», - кажа ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі'97 вядомы беларускі гісторык Ігар Кузняцоў.
Ён сцвярджае, што ў «польскіх войсках», выгнаных з Масквы ў 1612 годзе, таксама было шмат этнічных беларусаў (якія ў то час называліся ліцвінамі – заўв. Хартыі’97).
«Гэтыя войскі на самой справе былі войскамі Вялікага Княства Літоўскага. Вельмі часта няправільна абагульняюць – ці «палякі», ці «рускія». І было б памылкай у дадзеным выпадку назваць гэтыя войскі польскімі. Тут можна правесці паралель з расстралянымі афіцэрамі польскага войска ў Катыні і іншых месцах. У Польшчы так і кажуць – «расстралялі палякаў». На самой жа справе мы ведаем, што сярод іх было нямала беларусаў», - патлумачыў Ігар Кузняцоў.
У гэты час у Расеі ішла грамадзянская вайна і ў гэтую грамадзянскую вайну ўмешваліся і розныя палітыкі суседніх дзяржаваў. «Сам Філарэт Раманаў і князь Галіцын ездзілі ў Кракаў і прасілі караля Жыгімонта, каб ён кіраваў Маскоўскай дзяржавай. А Жыгімонт узяў і адмовіўся! Сказаў ім – вось, калі хочаце, хай да вас едзе мой сын. І сын Жыгімонта, Уладзіслаў IV, сапраўды ўзыйшоў на царскі пасад. Пасля выгнання Уладзіслава з Масквы сталі кіраваць Раманавы. Так што Раманавы – гэта самазванцы, не больш», - адзначыў іншы беларускі гісторык Ігар Ліцвін.
«А ў XVII стагоддзі сапраўды значную частку войскаў ВКЛ складалі беларусы. Напрыклад, адным з камандуючых войскам ВКЛ быў Ян Караль Хадкевіч, які ішоў з дапамогай нашым войскам у Маскву, але не змог прабіцца», - падцвердзіў Ігар Ліцвін.
Безумоўна, 4 лістапада – гэта вялікае свята ў Расеі, але трэба разумець моц Вялікага Княства Літоўскага ў той час і прызнаваць, што гэта частка беларускай гісторыі. Шмат стагоддзяў Літва-Беларусь была суперніцай Маскоўскай дзяржавы. Частка беларусаў прызвычаілася глядзець на гісторыю вачыма Масквы, а трэба глядзець на мінулае са свайго, беларускага, пункту погляду.