Мянцюк будзе адбываць пакаранне ў Жодзіна
7- 4.11.2008, 17:22
Асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі за парушэнне Правілаў дарожнага руху Раман Мянцюк будзе адбываць пакаранне ў выпраўленчай калоніі ў Жодзіна (Менская вобл.).
Аб гэтым паведаміла агенцтву "Интерфакс-Запад" яго адвакатка Алена Майсеня.
"Р.Менцюка адправілі адбываць пакаранне ў выпраўленчую калонію ў Жодзіна", - паведаміла адвакатка.
Яна таксама адзначыла, што падрыхтавала касацыйную скаргу на прысуд, вынесены Р.Менцюку судом Менскага раёна на мінулым тыдні. "Заўтра я паеду да яго ў выпраўленчую ўстанову і прывязу касацыйную скаргу, якую ён павінен падпісаць. Калі мой падабаронны прыме рашэнне аб абскарджанні прысуду суду, касацыйная скарга будзе перададзеная ў суд", - распавяла адвакатка.
Пры гэтым яна паведаміла, што "не ведае, ці працягвае яе падабаронны галадоўку. Да таго часу, як я прыехала сёння ў СІЗА РУУС Менскага раёна, майго падабароннага ўжо этапавалі, а супрацоўнікі СІЗА адмовіліся даць гэтую інфармацыю".
Як раней паведамляла агенцтва, у мінулую сераду суд Менскага раёна прысудзіў Рамана Менцюка, які пратараніў "жывы шчыт" з аўтамабіляў з людзьмі, да 5 гадоў пазбаўлення волі. Не пагадзіўшыся з рашэннем суду, ён абвясціў галадоўку. Інцыдэнт з удзелам Р.Менцюка на трасе Менск - Мікашэвічы адбыўся 2 сакавіка 2008 года. Знаходзячыся ў нецвярозым стане, ён ехаў па трасе з хуткасцю 160 км/ч. Каб затрымаць парушальніка, супрацоўнікі ДАІ спынілі некалькі аўтамабіляў, у якіх знаходзіліся грамадзяне, якія ні аб чым не здагадваліся, і перагарадзілі імі трасу. Пры гэтым кіроўцы і пасажыры заставаліся ў машынах.
Як потым казалі супрацоўнікі ДАІ, яны спадзяваліся, што парушальнік спыніцца. Аднак Р.Мянцюк не спыніўся і пратараніў "жывы шчыт".
Пяць чалавек, уключаючы нявесту Р.Менцюка Вольгу, атрымалі розныя траўмы.
Двое супрацоўнікаў ДАІ, якія выставілі "жывы шчыт", звольненыя са службы і прысуджаныя да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна. У дачыненні да Р.Менцюка была ўзбуджаная крымінальная справа па факце кіравання транспартным сродкам у нецвярозым стане.
Пасля ўзбуджэння крымінальнай справы сям'я Менцюкоў знікла з Беларусі.
Р.Мянцюк быў затрыманы разам з жонкай 8 ліпеня ў Маскве.
"Была атрыманая аператыўная інфармацыя, што сям'я Менцюкоў збіраецца паехаць у маскоўскі заапарк. Аператыўныя супрацоўнікі затрымалі іх каля клеткі з вожыкамі", - паведаміў раней агенцтву "Интерфакс-Запад" начальнік аддзела вышуковай працы крымінальнага вышуку УУС Менскай вобласці Андрэй Цішкавец, які прымаў удзел у аперацыі.
11 ліпеня Р.Мянцюк быў арыштаваны паводле рашэння Прэсненскага суду Масквы.
14 жніўня Генпракуратура Расеі прыняла рашэнне аб экстрадыцыі Р.Менцюка ў Беларусь.