9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канцэрты Жанэт арганізоўваюць загадам «зверху» (Фота)

29

У абласныя райвыканкамы быў разасланы загад аб арганізацыі ў кожным раёне канцэртаў беларускай спявачкі Жанэт.

Як высвятлілася, Жанэт будзе спяваць у межах «спартова-культурнай акцыі ў межах Года здароўя пад дэвізам «За здаровую сям'ю!», паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси».

«Загадваем: правесці з 9 кастрычніка па 14 снежня 2008 года спартова – культурную акцыю ў межах Года здароўя пад дэвізам «За здаровую сям'ю!» (далей – акцыя) з удзелам спявачкі Жанэт у гарадах і раёнах Брэсцкай, Віцебскай і Менскай абласцей», - гаворыцца ў дакуменце.

Начальнік аддзела культуры Салігорскага райвыканкама Наталля Гапановіч пацвердзіла: «Да нас сапраўды прыйшоў такі дакумент 14 кастрычніка. Канцэрт адбудзецца ў нашым Палацы культуры».

Нягледзячы на тое, што канцэрт праводзіцца ў межах афіцыйнай спартова-культурнай акцыі, ён будзе платным.

«У дакуменце няма дакладна абумоўленых пазіцый аб тым, што ён будзе платным. Гэта ж акцыя. Але калі пачынаеш сутыкацца з ягонай арганізацыяй… Мусіць, будзем рэалізоўваць квіткі», - нехаця прызнаецца Наталля Гапановіч.

Дарэчы, вясной гэтага года ў Бабруйску па падобным дакуменце прадпрыемствы абавязвалі купляць квіткі на канцэрты Жанэт (два квіткі каштавалі тады 12 тысяч рублёў, а тры - 10 тысяч).

Канцэртны дырэктар спявачкі Ружына Канановіч пацвярджае, што не збіраецца працаваць бясплатна.

«Жанэт - адна з самых спартовых артыстак беларускай эстрады, удзельнічае ў шматлікіх мерапрыемствах. Міністр спорту прапанаваў ёй прыняць удзел у новай акцыі пасродкам правядзення канцэртаў. Мы пагадзіліся і назвалі яе «За здаровую сям'ю!» Канцэрты не могуць быць бясплатнымі, таму што гэта наша праца. Ні адно з міністэрстваў не аплачвае наш удзел», - тлумачыць Ружына Канановіч.

Па ейных словах, канцэрт – не дабрачынная акцыя, і выручка ад квіткоў пойдзе на ганарар. І далёка не 5 мільёнаў рублёў, як пішуць некаторыя СМІ, а зусім невялікі.

«Мы ўсё аплачваем самі: паліграфію і рэкламу. Прадаюцца квіткі, аплочваюцца падаткі, аўтарскі ганарар, арэнда залы і іншае. А пакінутыя грошы пералічваюцца на наш рахунак. Мы ў сваю чаргу таксама плацім падаткі, і застаецца ў выніку зусім іншая сума», - сцвярджае канцэртны дырэктар.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках