Бранзалеты з свастыкай трапляюць у Беларусь з Масквы (Фота)
12- 5.11.2008, 14:00
У Смаргоні ў адным з прыватных шапікаў прадаваліся элястычныя бранзалеты з выявай свастыкі.
Аб гэтым паведамілі слухачы “Радыё Свабода” праз суполку “Сябры Свабоды” ў Жывым журнале.
Першым бранзалеты з свастыкай заўважыў Вадзім Жаромскі, актывіст “Маладога фронту”, які разам зь сябрам апынуўся ў Смаргонскім шапіку. Ён і зрабіў здымкі. Вадзім кажа, што быў вельмі зьдзіўлены тым, што пабачыў.
“Адчуваньне нават ня ведаю чаго, быццам аплявалі. Ведаеце, калі людзі забываюцца на сваіх родных блізкіх — гэта самае дрэннае. Гэтая прадавачка, мабыць, забыла, што й бацькі яе перажылі вайну, і дзядуля, і бабуля... Няма пра што казаць — гэта жах”, - зазначае Вадзім Жаромскі.
Ўладзімір Шульжыцкі, які таксама быў у шапіку, падзяляе пункт гледжаньня сябра.
“Непрыемна, што ў нашай краіне можа такое прадавацца. Незразумела, з чым гэта зьвязана...”, - кажа Ўладзімір Шульжыцкі.
Гаспадара шапіка Мікола Трухан быў вельмі расхваляваны, калі даведаўся аб сытуацыі, і сказаў, што ня мог сабе такога нават уявіць. Тавар ён браў у Менску, але раней з такім не сутыкаўся.
“Я сам у шоку, я паеду й буду разьбірацца. Разумееце, я бяру тавар у каробках, яны запакаваныя, выпісваюць мне накладную, я прывёз — і ўсё. На каробцы напісана: “бранзалет на руку, асарці”, - тлумачыць гаспадар шапіка.
З словаў Міколы Трухана, ён зьвязаўся з сваімі пастаўнікамі і высьветліў, што тавар тыя атрымліваюць з Масквы і, маўляў, таксама былі вельмі зьдзіўленыя пачутым.
Назву фірмы-пастаўніка гаспадар шапіка не назваў, але казаў, што цяпер будзе сам пільна праглядаць атрыманы тавар.
“Божа мой, ды мой дзед ваяваў, загінуў ва Ўсходняй Прусіі. Я ж добра ведаю, што такое свастыка. Гэта моладзь, можа, ня ведае, але я выдатна гэта разумею”, - дадаў Мікола Трухан.
