МУС правяло «зачыстку» уласных шэрагаў
5- 5.11.2008, 14:41
Галоўным упраўленнем уласнай бяспекі МУС затрыманыя два ўчастковыя інспектары Першамайскага раёна Менска, капітан і лейтэнант, якія падазраюцца ў атрыманні хабараў.
Адначасова дваіх супрацоўнікаў міліцыі ў Беларусі затрымліваюць нячаста, таму тое, што адбылося ў Першамайскім РУУС успрымаюць як надзвычайнае здарэнне. Падобнага тут не ведалі ўжо больш за пяць гадоў, калі былі затрыманыя, а затым асуджаныя адразу пяць супрацоўнікаў УУС. Зараз, вядома, затрыманыя не ўжывалі гвалт да простых грамадзянаў, а ўсяго толькі бралі хабары, але ў сувязі з сённяшняй строгасцю да супрацоўнікаў МУС гэтага дастаткова, каб паставіць пытанне аб мэтазгоднасці змены кіраўніцтва УУС, паведамляе «Ежедневник».
Паводле папярэдняй інфармацыі, аперацыю па выкрыцці ўчастковых інспектараў у хабарніцтве ГУУБ МУС правяло 30 кастрычніка. Нібыта на іх «настукаў» нейкі раней судзімы грамадзянін, які паскардзіўся, што з яго патрабуюць хабар за тое, каб ён «ізноў не сеў». Зрэшты, грошы ўчастковым перадаваў зусім іншы чалавек, пасля чаго ўчастковых - капітана і лейтэнанта - затрымалі аператыўнікі ГУУБ МУС.
Варта сказаць, што ў самім УУС Першамайскага раёна да затрымання сваіх калегаў паставіліся досыць падазрона. Па-першае, калегі не вельмі вераць паказанням судзімага і яго сябра. Па-другое, сума меркаванага хабару па цяперашнім часе ўжо занадта мізэрная - 310 тысяч беларускіх рублёў і 250 даляраў. Як сцвярджаюць калегі затрыманых, на такія грошы ні адзін з супрацоўнікаў МУС, які б нячысты на руку ён ні быў, нават не паквапіцца.
Зрэшты, на ГУУБ МУС довады калегаў затрыманых не падзейнічалі. Паводле інфармацыі «Ежедневника», матэрыялы ў дачыненні да двух афіцэраў перададзеныя ў пракуратуру, якая ўзбудзіла ў дачыненні да іх крымінальную справу па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па ч.2 арт.430 КК РБ (атрыманне хабару паўторна, альбо за загадзя незаконнае дзеянне (бяздзейнасць), альбо шляхам вымагальніцтва, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо ў буйным памеры).