Камуністычная газэта «Товарищ» -- пад забаронай?
2- 5.11.2008, 16:13
Светлагорскі суд прысудзіў да штрафаў у 40 базавых велічынь мясцовых дэмакратычных актывістаў - лідэра раённай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Святлану Міхальчанка, актывістаў БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктара Ахрамчука і Сяргея Шавяленка.
27 кастрычніка міліцыя затрымала аўтамабіль, у якім ехалі апазіцыянеры. У іх канфіскавалі газету «Товарищ», афіцыйна зарэгістраваныя і вырабленыя перадвыбарныя плакаты кандыдата ў дэпутаты ад АДС Сяргея Дайнекі, а гэтак сама некалькі нумароў незарэгістраваных выданняў «Глоток воздуха» і «Выборы-08», паведамляе Беларускі Хельсінскі камітэт.
Актывістаў затрымалі і абвінавацілі ў распаўсюджванні выданняў без выходных дадзеных і злоўжыванні свабодай СМІ.
Аднак на працэсе не атрымалася даказаць факт распаўсюджвання выданняў «Глоток воздуха» і «Выборы-08»: не ўстаноўленыя асобы, якія, па версіі абвінавачвання, павінны былі атрымаць альбо атрымлівалі выданні, роўна як і не ўстаноўлена, хто іх распаўсюджваў.
Газета ж «Товарищ» з'яўляецца афіцыйна зарэгістраванай. Нягледзячы на гэта, суд вынес абвінавачанне.