Маладога апазыцыянера адлічылі з ліцэю
1- 6.11.2008, 17:26
18-гадовага актывіста апазыцыі Станіслава Сенакосава адлічылі з Магілёўскага прафэсійнага ліцэю № 2.
Актывіст цьвердзіць, што нагодай для адлічэньня сталася ягоная грамадзкая дзейнасьць. У адміністрацыі ліцэю сьцьвярджаюць, што хлопец нібыта «груба парушыў дысцыпліну».
Станіслава Сенакосава неаднойчы затрымлівала магілёўская міліцыя падчас моладзевых акцыяў у горадзе. Ён зазначае, што пра ягоную грамадзкую дзейнасьць і затрыманьні адміністрацыя ліцэю ведала.
«Я зьвязваю сваё адлічэньне з тым, што займаюся грамадзкай дзейнасьцю. З мной размаўляла кіраўніцтва. Казалі, калі я не спыню гэтага, у мяне будуць праблемы з навучаньнем. Калі мне споўніцца васямнаццаць год, мяне адлічаць папросту. Тады я не надаў гэтаму вялікага значэньня. Вось мне нядаўна споўнілася васямнаццаць год, я прапусьціў адзін занятак, і ў звязі з гэтым мне падпісалі загад аб адлічэньні. Там напісалі, што я парушыў унутраны расклад», – кажа Станіслаў Сенакосаў у інтэрв’ю “Радыё Свабода”.
Пасьля адлічэньня актывіст пайшоў вучыцца ў вечаровую школу, а потым мяркуе працаваць на заводзе. Грамадзкай дзейнасьці ён не зьбіраецца кідаць. Сам ён ацэньвае свае посьпехі ў навучаньні як сярэднія. У ліцэі яму заставалася вучыцца крыху болей за паўгады.
Кіраўніцтва ліцэю адмаўляе, што Сенакосава адлічылі за грамадзкую дзейнасьць. Яно цьвердзіць, што нагодай для адлічэньня сталася грубае парушэньне дысцыпліны: ён нібыта абразіў гардэробшчыцу.
«Мы яго ня выкінулі на вуліцу. Калі ласка, ёсьць цэнтар занятасьці, там вячэрняя школа. Затое ў нас цяпер ёсьць нейкі мэтад, рычаг, з дапамогай якога мы зможам іншым на гэтым прыкладзе паказаць: глядзіце, хлопцы, так рабіць нельга», — паведамілі ў адміністрацыі ліцэю.
Ўладзімер Шыла, бацька выключанага з салігорскай школы актывіста Івана Шылы, лічыць, што адлічэньне магілёўца Станіслава Сенакосава зьяўляецца спробай запалохваньня іншых актывістаў.
«Гэта ўзорнае адлічэньне для таго, каб суцішыць астатніх навучэнцаў, каб яны ведалі, што цяперашнім часам іх могуць таксама адлічыць. Калі мы абмяркоўвалі сытуацыю, то з Іванам пагадзіліся, што калі б ягоная кляса, усе зрабілі б вусную заяву, што мы ня пойдзем на экзамэн, пакуль Іван ня будзе здаваць — яна б усё ж і адміністрацыю, і ўладу напалохала, і яны б тады далі Івану здаць той экзамэн. Аднак гэтага не адбылося», - кажа бацька выключана актывіста.
Выпадак з Станіславам Сенакосавым — трэці ў Магілёве. У верасьні зь дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова адлічылі рэгіянальную каардынатарку арганізацыйнага камітэту дзеля стварэньня аб’яднаньня «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» Тацяну Шамбалаву ды актывіста «Маладога Фронту» Расьціслава Панкратава. Прычынай стала нібыта дрэннае навучаньне. Самі ж яны цьвердзяць, што адлічылі іх за грамадзкую дзейнасьць.