У Сяргея Скрабца канфіскавалі маёмасьць у другі раз
3- 1.12.2008, 12:36
У былога дэпутата Сяргея Скрабца другім разам сканфіскавалі маёмасьць. Судовыя выканаўцы забралі кухню, канапу ды некаторыя іншыя рэчы на агульную суму 600 тысяч беларускіх рублёў.
Зроблена гэта паводле рашэньня Вярхоўнага суду Беларусі.
Маёмасьць у апазыцыйнага палітыка канфіскавалі яшчэ год таму. Але тады маці Сяргея выкупіла найбольш неабходныя рэчы сына. Цяпер жа пад канфіскацыю патрапіла і маёмасьць бацькоў. Разам зь ёй забралі і рэчы Сяргея Скрабца.
“Атрымліваецца, што мае рэчы канфіскавалі двойчы: спачатку ў мяне, а цяпер у маіх бацькоў. Гэта нейкае вар’яцтва, і, шчыра кажучы, я нават ня ведаю, як на гэта рэагаваць”, - паведаміў Сяргей Скрабец “Радыё Свабода”.
Сяргей Скрабец — адзін з сябраў дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў “палаце прадстаўнікоў” другога скліканьня — быў арыштаваны ў траўні 2005 году і асуджаны на 2,5 года зьняволеньня нібыта за выманьваньне крэдыту. Сваёй віны Сяргей Скрабец не прызнаў. Ён лічыць, што быў несправядліва асуджаным за сваю апазыцыйную дзейнасьць. На свабоду былы дэпутат выйшаў праз паўтары годы.