Сакратар ЦВК Беларусі: Няма ніякіх стандартаў АБСЕ
12- 1.12.2008, 16:12
Сакратар беларускага Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік лічыць, што стандарты АБСЕ, на якія спасылаюцца аўтары выніковага дакладу БДІПЧ АБСЕ па «парламенцкіх выбарах» у Беларусі, як такія адсутнічаюць.
"Тэрмін "стандарты АБСЕ" вельмі няпэўны на сённяшні дзень. Як такіх стандартаў АБСЕ на сённяшні дзень дакладна прапісаных няма", - заявіў сакратар беларускага ЦВК агенцтву "Интерфакс".
Паводле словаў М.Лазавіка, "самі стандарты назіральнікі вар'іруюць у залежнасці ад таго, у якой краіне праходзяць выбары. Што дэмакратычна лічыцца ва Украіне і Грузіі, тое з'яўляецца недэмакратычным у Беларусі і Расеі".
М.Лазавік лічыць "пакуль складаным каментаваць выніковае заключэнне БДІПЧ АБСЕ наогул і ў цэлым". "Нам трэба спачатку атрымаць расейскі варыянт гэтага дакумента, вывучыць яго і прааналізаваць. Пасля гэтага можна будзе рабіць каментары", - сказаў сакратар ЦВК.
Напярэдадні БДІПЧ АБСЕ распаўсюдзіў выніковы даклад, у якім звяртаецца ўвага на тое, што "парламенцкія выбары" у Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЕ.
У сувязі з гэтым аўтары дакладу падкрэслілі неабходнасць "далейшых сур'ёзных высілкаў, калі Беларусь шчыра жадае правесці сумленныя дэмакратычныя выбары ў адпаведнасці з абавязальніцтвамі перад АБСЕ".
Сярод недахопаў БДІПЧ зазначыў тое, што выбарчае заканадаўства Беларусі "не дае магчымасці для сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўнага стаўлення да кандыдатаў з боку ўладаў".
Акрамя таго, абмежаванні з боку дзяржаўных органаў у мэтах стварэння фармальнай роўнасці паміж усімі кандыдатамі прывялі да "мінімуму месцаў для сустрэчаў, фінансаванні кампаніі і доступу да СМІ".
Эксперты адзначаюць, што Выбарчы кодэкс Беларусі "не забяспечвае празрыстага механізму захаванасці скрыняў з бюлетэнямі пасля пачатку датэрміновага галасавання, а таксама механізму абароны самога бюлетэня".
На думку экспертаў місіі, усё гэта "стварае магчымасці для фальсіфікацыяў".