«Малады Фронт»: Дыялог рэжыма з Захадам немагчымы з-за рэпрэсій супраць моладзі
2- 15.12.2008, 15:44
Арганізацыя «Малады Фронт» заклікае цывілізаваныя краіны сьвету не дапусьціць чарговай расправы над адным зь лідэраў арганізацыі.
На мінулым тыдні ў ваенны камісарыят быў выкліканы намесьнік старшыні Маладога Фронту Іван Шыла. Месяцам раней мэдычная ваенная камісія, пасьля адмысловага мэдычнага абсьледваньня, прызнала моладзевага лідэра не прыдатным для службы ў войску. Аднак пад ціскам кіраўніка салігорскага ваеннага камісарыяту Заінчкоўскага В. В. мэдычная камісія ў апошні момант зьмяніла сваё заключэньне. Акрамя таго астатнія лекары зрабілі высновы аб прыдатнасьці да службы ў войску без неабходнага асабістага дагляду і мэдычных аналізаў маладзёна. Да таго ж у ваенным камісарыяце маладафронтаўцу было адкрыта заяўлена пра яго магчымае зьмяшчэньне ў вар'ятню, з нагоды яго актыўнай грамадзка-палітычнай дзейнасьці.
Мэтанакіраваныя захады ўладаў па стрымліваньню грамадзка-палітычнай актыўнасьці Івана Шылы вядуцца з 2006 году. Яшчэ пад час моладзевай галадоўкі пратэсту ў траўні-чэрвені 2006 году кіраўнік салігорскай "вэртыкалі" Амельянчук М.М. абяцаў пасадзіць яго "у клетку".
У верасьні 2007 года Салігорскім судом непаўналетні Іван Шыла быў прызнаны вінаватым у крымінальным злачынстве паводле палітычнага артыкулу 193.1 "за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі". У чэрвені 2008 году Іван Шыла быў абсалютна незаконна выключаны са школы напярэдадні апошняга выпускнога іспыту, што парушыла яго права на атрыманьне адукацыі. Дапамогу ў навучаньні Івану Шыла прапаноўвалі Міністэрствы адукацыі Эстоніі, Польшчы і Швэцыі. Аднак ад'езд за мяжу быў бы саступкай беларускаму рэжыму і таму прапановы былі адхілены моладзевым актывістам. У траўні 2009 году Іван Шыла мусіць даздаць апошні іспыт у сваёй школе, пасьля чаго ён будзе мець магчымасьць працягнуць сваю адукацыю ў вышэйшых навучальных установах.
Пры ўсіх спробах наладзіць дыялёг з Захадам і лібэралізаваць сваю эканамічна-палітычную сыстэму беларускі рэжым працягвае дзейнічаць па інэрцыі. Менавіта гэтым можна патлумачыць спробу незаконна ізаляваць моладзевага лідэра ў войску альбо вар'ятні і ня даць магчымасьць скончыць школу ў Беларусі.
«Малады Фронт» заклікае цывілізаваныя краіны сьвету не дапусьціць чарговай расправы над адным зь лідэраў арганізацыі. Права на адукацыю ёсьць неад'емнай часткай любога цывілізаванага грамадзтва. Таму мы заклікаем краіны Захаду пры наладжваньні дыялёгу з кіраўніцтвам Беларусі перш за ўсё кіравацца менавіта ступеньню павагі іх суразмоўцы да правоў чалавека. Сытуацыя зь Іванам Шыла можа быць адным з шматлікіх каталізатараў пры вядзеньні дыялёгу зь цяперашнімі беларускімі ўладамі.