Сёлета прадукты падаражэлі ў два разы больш, чым у 2007-м
- 16.12.2008, 8:58
Толькі па афіцыйных дадзеных інфляцыя склала 12% пры прагнозе за год не больш за 6 - 8%. Кошты на прадукты, па дадзеных статыстыкі, выраслі на 11%. Рэальная жа сітуацыя – значна горшая.
Гэта ўсераднёныя дадзеныя. Бо ў кожнага прадуктовага кошыка інфляцыя свая. І менавіта ў прадуктовых крамах асядае амаль палова нашых заробкаў, адзначае «Комсомольская правда в Беларуси».
Журналісты вырашылі правесці ўласнае назіранне за коштамі. У снежні мінулага года закупілі ў краме вялікі набор прадуктаў і перапісалі ўсе цэннікі. А праз год вярнуліся ў гэтую краму зноў і паглядзелі, як змяніўся за гэты час кошт нашага прадуктовага набору.
Атрымалася, што за год наш прадуктовы кошык падаражэў на 25 410 рублёў. Дарэчы, аналагічны эксперымент журналісты праводзілі і летась. Тады кошык з прадуктамі вырас ў кошце на 11 тысяч, гэта значыць у 2008 годзе прадукты дадалі ў кошце ў два разы больш, чым у 2007-м.
Больш за ўсё падаражэнне сёлета кранула мясныя прадукты. Каўбаса дадала ў кошце тры тысячы рублёў, а паляндвіца свініны і ялавічыны і ўвогуле па 6 - 7 тысяч. Кілаграм сыра вырас у кошце на 1950 рублёў. Дарэчы, летась сыр таксама быў у тройцы лідэраў. Паляндвіца птушкі падаражэла на 1910 рублёў. Смятана стала каштаваць на 950 рублёў даражэй, тварог - на 640 рублёў, алей - на 480. Гарэлка хоць і даражэла ўсяго раз на год, затое адразу на 560 рублёў.
Летась у пяцёрку лідэраў па падаражэнні ўвайшлі тыя ж прадукты. Адныя раслі ў кошце хутчэй, іншыя, наадварот, крыху зменшылі тэмпы. Але галоўнае - плаціць усё больш і больш прыходзіцца за самыя хадавыя прадукты. А некаторыя з іх беларускія сем'і купляюць амаль кожны дзень.
Нядаўна ўрад вырашыў, што нашыя кошты ў наступным годзе могуць стаць вальнейшымі. У прыватнасці, у нас плануюць пашырыць спіс тавараў, на якія можна будзе ўсталёўваць кошты ў залежнасці ад попыту на той або іншы тавар. Праўда, хлеб, малако і мяса па-ранейшаму застануцца ў спісе сацыяльна значных. А гэта значыць, што кошты на іх будзе рэгуляваць дзяржава.