Сёння Дзень салідарнасці: у Беларусі па-ранейшаму ёсць палітрэпрэсаваныя
1- 16.12.2008, 9:08
16 снежня ў Беларусі і ва ўсім свеце пройдуць акцыі салідарнасці, мэта якіх – звярнуць увагу на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Дзень беларускай салідарнасці адзначаецца на працягу трох год 16-га чысла кожнага месяца. У Менску, у рэгіёнах Беларусі, за мяжой людзі вось ужо больш за тры гады выходзяць на плошчы сваіх гарадоў у знак салідарнасці з сем'ямі выкрадзеных і рэпрэсаваных актывістаў беларускай апазіцыі.
За ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў 10 актывістаў апазіцыі -- Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павел Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця тэрміна ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да палутара год абмежавання волі.
На мінулым тыдні за гэтую ж акцыю актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да 1 году абмежавання волі.
Усе гэтыя людзі ў любы момант могуць быць арыштаваныя і адпраўленыя ў турму.
Ініцыятарамі Дзён беларускай салідарнасці тры гады таму сталі лідэр ініцыятывы «Мы памятаем», удава зніклага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Ірына Красоўская, вядомая журналістка Ірына Халіп і моладзевы лідэр Мікіта Сасім. Ідэя праводзіць Дні салідарнасці нарадзілася пасля таго, як 16 верасня 2005 гады, ва ўгодкі знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13 склікання Віктара Ганчара і бізнэсмэна, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, міліцыя разагнала акцыю ў памяць зніклых і адабрала ў ейных удзельнікаў партрэты зніклых палітыкаў (людзі трымалі ў руках таксама партрэты выкрадзеных у Беларусі экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага) і нацыянальныя сцягі. У той дзень моладзевы лідэр Мікіта Сасім падняў над галавой сваю джынсавую кашулю як знак супраціву дыктатуры.